Пошук

02.02.2022 12:00   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by

30 студзеня ў бараўлянскай салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў адсвяткавалі ўрачыстасць святога Яна Боско, заснавальніка салезіянскага таварыства.

Як паведаміў сайт салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, з гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ў Бараўлянах узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Перад уваходам у касцёл парафіяне сардэчна прывіталі іерарха караваем.

На распачацце святой Імшы да сабраных звярнуўся рэгіяналны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

Святар падзякаваў біскупу Юрыю за прынятае запрашэнне падзяліць з бараўлянскай супольнасцю радасць урачыстасці святога апостала моладзі і адзначыў, што ў гэтым годзе свята з’яўляецца асаблівым, бо адбываецца ў кантэксце святкавання стогадовай прысутнасці салезіянскага таварыства на Беларусі.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі разважаў над таямніцай паклікання. Ён адзначыў, што ў сучасным свеце вельмі цяжка пачуць заклік Бога, і галоўная праблема не ў тым, што мала пакліканняў, а ў тым, што мала адважных, здольных адказаць Богу «так». Іерарх адзначыў, што і сярод апосталаў былі розныя людзі з рознымі здольнасцямі і магчымасцямі, але яны дозволілі Богу дакрануцца да іхніх сэрцаў і з дапамогай Духа Святога маглі рабіць вялікія рэчы.

Гледзячы на асобу заснавальніка салезіянскага таварыства, біскуп падкрэсліў, што «так», сказанае Янам Боско, дазволіла шматлікім маладым людзям убачыць святло збаўлення.

«Ксяндзу Боско таксама было страшна і незразумела, што ён будзе казаць гэтым хлопцам, але ён адважыўся і пайшоў да іх з Божай любоўю, якая ў ім гарэла», — падкрэсліў іерарх.

Пры гэтым ён узгадаў сваё асабістае знаёмства са святарамі салезіянамі ў Беларусі: Янам Такарскім, Генрыхам Куляшэвічам і Юзафам Занеўскім.

Напрыканцы біскуп пажадаў кожнаму стаць сапраўдным сведкам Хрыста, адказаць «так» на сваё пакліканне і прапанаваў маліцца, каб як найбольш людзей мела адвагу сказаць: «Божа, так, я таксама займу гэтае месца, смела, адважна, бо я ведаю, што Ты будзеш са мною!»

Пасля гаміліі чальцы асацыацыі салезіянаў супрацоўнікаў аднавілі свае абяцанні жыць згодна з хрысціянскімі прынцыпамі і ў салезіянскай харызме клапаціцца аб збаўленні моладзі.

Пасля Імшы прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці падзякавалі біскупу Юрыю Касабуцкаму за супольнае перажыванне ўрачыстасці і запрасілі на анансаваны раней спектакль у гонар святога Яна Боско, прэм’ера якога адбудзецца, як толькі палепшыцца эпідэміялагічная сітуацыя.

 

Абноўлена 02.02.2022 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця