З 14 па 16 студзеня ў араторыі імя святога Яна Боско пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску рэлігійная каталіцкая місія «Таварыства святога Францішка Сальскага» правяла курс салезіянскага аніматара ANIMA для юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць глыбей пазнаваць харызму святога Яна Боско і дзяліцца ёю.
Асноўнай мэтай курса з’яўляецца развіццё талента супрацоўніцтва з моладдзю, яе анімавання і суправаджэння, як гэта рабіў святы Ян Боско.
Падчас сустрэчы тыя, хто прысвячае свой час моладзі, разважалі над хрысціянскай цнотай надзеі.
Тэма сустрэчы была сугучная з дэвiзам Генеральнага настаяцеля на мiнулы год. Для ўдзельнікаў былі падрыхтаваныя малітвы, гульні, працы па групах і карысныя ўоркшопы.
У першы дзень адбылося знаёмства юнакоў і дзяўчат паміж сабою, а таксама азнаямленне з праграмай курсу і планамі на бліжэйшыя два дні. Напрыканцы дня была магчымасць сустрэцца з Панам на адарацыі.
Субота стала найбольш інтэнсіўным днём для ўдзельнікаў. Пасля святой Імшы прысутныя ў групах абмяркоўвалі тыя праблемы, якія непакояць чалавека ў сучасным свеце, а пасля дзяліліся сваімі высновамі і прапановамі на агульным форуме. Таксама ў гэты дзень адбыліся майстар-класы з запрошанымі спецыялістамі ў сферы публічных выступленняў і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Атрыманыя навыкі павінны дапамагчы будучым аніматарам у працы з моладдзю, вядзенні араторыя і арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў.
У нядзелю пасля святой Імшы адбылося падвядзенне вынікаў.
Удзельнікі дзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы, адзначаючы як станоўчыя моманты, так і тое, што варта дапрацаваць.
Юнакі і дзяўчаты падзякавалі арганізацыйнай групе, у якую ўваходзілі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, аніматары і салезіяне супрацоўнікі, за добра падрыхтаваную сустрэчу і той час, які яны ім прысвяцілі. Удзельнікі курсу адзначылі, што гэтыя некалькі дзён, насычаных супольнай малітвай, інтэнсіўнай працай, цікавым адпачынкам, з вясёлымі вечарамі і традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч, дазволілі ім «перазагрузіць» сваю штодзённасць і адкрыцца новым магчымасцям.
Наступная сустрэча курсу ANIMA адбудзецца ў сакавіку. Удзел у ёй змогуць прыняць толькі тыя, хто запісаўся на поўны курс і быў на першым уікэндзе.