25 снежня, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, рэдакцыя парталу Catholic.by на чале з дырэктарам ксяндзом доктарам Аляксандрам Уласам выказвае сардэчныя віншаванні ўсім чытачам і іх блізкім.
Усемагутны Бог, нараджаючыся як малое дзіця, прымае на сябе стан вялікай слабасці. Ён гэта робіць, каб гісторыя збаўлення здзейснілася «ў надзеі, насуперак надзеі» (пар. Рым 4, 18) — менавіта ў нашай слабасці. Вельмі часта мы ў нашых думках перакананыя, што Бог перамагае, карыстаючыся выключна тым, што ў нас добрае і шляхетнае, аднак, па сутнасці, большасць Яго планаў рэалізуецца праз нашыя слабасці і нягледзячы на іх. Пан укладае свой скарб у крохкі гліняны посуд, каб не намі, а моцаю Божаю было здзейснена ўсё, што мы робім (пар. 2 Кар 4, 7).
Рэдакцыя парталу Сatholic.by жадае, каб прыняцце малога Езуса ў сваё жыццё дапамагло кожнаму з нас пераадолець слабасці; каб кожнае сэрца было напоўненае такой верай, якая была ў Марыі.
Яна, не разумеючы ўсіх неспасцігальных планаў Найвышэйшага, спадзявалася на Божае Слова, на яго ўскладала сваю надзею. Гэта адбывалася і ў радасці і цішыні Бэтлеемскай ночы, і ў пакуце і цярпенні Галгофы і Крыжа.
Няхай гэтая надзея, ускладзеная на Бога, якая ўвесь час дапамагала Марыі, напоўніць нашыя думкі, сэрцы і жыццё, каб, ідучы жыццёвым шляхам, мы мелі моц заўсёды выбіраць Дабро.