У нядзелю 24 кастрычніка, на наступны дзень пасля цырымоніі афіцыйнага ўступлення на пасаду, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, галоўнай Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Напярэдадні на заканчэнне ўрачыстай святой Імшы ў мінскай архікатэдры іерарх паведаміў, што мае намер скіравацца ў Будслаў, каб «маліцца ля трона нашай Маці і Каралевы Беларусі, выпрошваючы патрэбныя ласкі ад Пана кожнаму з нас, згодна з нашымі чаканнямі і патрэбамі». У прамоўленай перад гэтым гаміліі ён шмат увагі прысвяціў будслаўскай святыні, пашкоджанай у маі пажарам.
«У такі ўзнёслы момант не магу не запрасіць вас думкамі і сэрцам перанесціся да дому нашай Маці і Каралевы Беларусі, у Нацыянальны санктуарый у Будславе. Калі здарыўся пажар у гэтай нашай галоўнай святыні, з трывогай і болем праз дым і полымя агню мы шукалі Яе абраз, цудадзейны абраз нашай Маці Будслаўскай. Малітвай і слязьмі жалю мы дапамагалі пажарным разлікам тушыць полымя знішчальнага агню. Так, як тады пад Крыжам Сына, так і сёння Марыя захавала вернасць свайму Fiat і выстаяла.
Сталася, што сталася.
Але я ўпэўнены, што разам усе мы, дзеці нашай сінявокай краіны, з дапамогаю людзей добрай волі, ахвярадаўцаў і пры падтрымцы дзяржавы адбудуем Дом Марыі, адбудуем беларускі Бэтлеем, Дом супакою і братэрства», — падкрэсліў арцыпастыр падчас Імшы з нагоды свайго афіцыйнага ўступлення на пасаду.
На наступны дзень ён прыбыў у Будслаў у суправаджэнні семінарыстаў першакурснікаў і адразу ж скіраваўся ў касцёл. У святыні, дзе нядаўна завяршыўся першы этап рэканструкцыі пасля майскага пажару, пакуль не адбываюцца набажэнствы, але ў алтар ужо вернуты цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, перад якім на каленях маліўся малады Мітрапаліт.
Пасля малітвы пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў іерарху пра ход рэканструкцыі касцёла.
З новым кіраўніком архідыяцэзіі былі абмеркаваны далейшыя дзеянні, скіраваныя на адраджэнне Нацыянальнага санктуарыі і аднаўленне набажэнстваў у касцёле.
У адным з касцёльных будынкаў, які пасля пажару быў пераабсталяваны пад часовую капліцу, дзе збіраюцца на супольную малітву тутэйшыя вернікі і пілігрымы, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю нядзельнай Эўхарыстыі.
У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць будслаўскай святыні як дома Марыі, дзе яна збірае вакол свайго цудадзейнага абраза ўсіх сваіх дзяцей, а перадусім мясцовую парафіяльную сям’ю. У сувязі з гэтым арцыпастыр адзначыў, якое вялікае значэнне мае адбудова пашкоджанага пажарам касцёла і аднаўленне ў ім набажэнстваў, заахвоціўшы вернікаў працягваць намаганні па адраджэнні будслаўскай святыні і паабяцаўшы ўсю магчымую падтрымку і дапамогу са свайго боку.
На заканчэнне святой Імшы будслаўскія парафіяне павіншавалі свайго арцыпастыра з прызначэннем і афіцыйным уступленнем на пасаду, пажадаўшы яму дароў Духа Святога праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай. Яны паабяцалі няспынна маліцца перад Яе цудадзейным абразом за яго і за ўсю даручаную яго пастырскай апецы Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.
У дар ад будслаўскіх парафіянаў арцыбіскуп Станеўскі атрымаў аформлены ў рамку кавалак аксаміту з рамы цудатворнай іконы.
Матэрыял быў заменены спецыялістамі падчас нядаўніх прафілактычна-кансервацыйных прац у мастацкай рэстаўрацыйнай майстэрні, а добра захаваная частка строга аксаміту была аформлена ў рамку. Цяпер цэлебруючы Імшу ў капліцы сваёй рэзідэнцыі ў Мінску, дзе змешчана копія абраза Маці Божай Будслаўскай, арцыбіскуп Станеўскі будзе мець магчымасць праз гэты кавалачак тканіны адчуваць блізкасць Панны Марыі і фізічную повязь з Яе домам у Будславе, які ён назваў «беларускім Бэтлеемам».