17 жніўня ў парафіяльным касцёле святога Юрыя ў вёсцы Паланечка (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат) адбылася святая Імша з нагоды 35-й гадавіны трагічнай смерці ксяндза Ежы Росяка (1914–1986) — святара-пакутніка, шматгадовага душпастыра ў цяжкія часы атэістычнага пераследу на баранавіцкай і навагрудскай зямлі.
Памятная ўрачыстасць распачалася з супольнай малітвы мясцовых вернікаў, шматлікіх гасцей і святароў на чале з Пінскім біскупам Антоніем Дзям’янкам каля магілы ксяндза Ежы Росяка на вясковых могілках у Паланечцы.
Пастыр падзякаваў парафіянам за тое, што дбаюць пра памяць свайго былога пробашча, сведчаннем чаго з’яўляецца прыгожа аздобленая і старанна дагледжаная магіла, да якой не зарастае сцежка тых, хто прыходзіць сюды памаліцца.
Пасля супольнай малітвы на могілках адбылася святая Імша ў парафіяльным касцёле святога Юрыя. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка. У прамоўленнай гаміліі іерарх засяродзіў увагу вернікаў на незвычайным і вельмі драматычным жыццёвым шляху святой памяці ксяндза Ежы Росяка.
На яго лёс выпала ліхалецце сусветных войнаў у першай палове ХХ стагоддзя, высылкі і канцлагеры, радасць падрыхтоўкі да святарства ў Пінскай духоўнай семінарыі і часы нялюдскага пераследу і Гулагу, драматычнасць пастырскага служэння ў часы камунізму і радасць служэння няскоранаму Касцёлу ў Беларусі.
Пасля заканчэння Эўхарыстыі сваімі ўспамінамі пра ксяндза Росяка падзяліліся некаторыя яго вучні-святары: пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах ксёндз Валянцін Новак, пробашч парафіі святога Юзафа ў Валожыне ксёндз Генрых Акалатовіч, родны брат цяперашняга пробашча парафіі ў Паланечцы ксяндза Леанарда Акалатовіча, а таксама пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах ксёндз канонік Ігар Лашук.
Словы асаблівай падзякі біскуп Дзям’янка скіраваў спадарыні Аліне Новікавай, выхаванцы ксяндза Ежы Росяка, якая разам з супрацоўнікамі выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» падрыхтавала адмысловую публікацыю пра жыццёвы шлях і сведчанне прыгожага святарскага служэння святой памяці ксяндза Ежы Росяка.