Пошук

07.06.2021 11:03   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

У нядзелю 6 чэрвеня ў Магілёве адбылася працэсія Божага Цела ў гонар урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую ўзначаліў біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Працэсіі папярэднічала святая Імша ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, падчас якой іерарх прамовіў Божае слова, прапанаваўшы паразважаць, чаму Езус устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт.

«Першай прычынай устанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту было гарачае жаданне Езуса быць з намі ў боскай і чалавечай натуры да канца свету. На першых старонках Святога Пісання мы чытаем, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, надзяляючы яго рысамі, уласцівымі Богу і анёлам, напрыклад, розумам, свабоднай воляй і несмяротнасцю душы», — адзначыў іерарх.

Біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што не толькі Бог набліжаецца да чалавека, але і самога чалавека нейкая таямнічая сіла душы штурхае шукаць Бога і злучыцца з Ім.

«І сёння, хоць многія людзі шукаюць шчасця ў гэтым свеце, хоць свядома адмаўляюць Бога, аднак тым фактам, што яны шукаюць дасканалага шчасця, яны даказваюць, што падсвядома сумуюць па Богу. Такім чынам, чалавек, які маральна не сапсаваны распустай і фальшывай культурай, заўсёды па сваёй прыродзе рэлігійны. Адчуваючы прамінальнасць гэтага свету, ён адчувае над сабою існаванне вышэйшай Істоты, якая не з гэтага свету», — дадаў іерарх.

Яшчэ адна важная прычына, якая, на думку біскупа, схіліла Пана Езуса застацца з намі ў Эўхарыстыі — гэта жаданне Збаўцы быць ежай для нашай душы.

«Падобна таму, як штодзённы хлеб умацоўвае сілу цела і падтрымлівае жыццё, Анёльскі хлеб, як называюць Цела Пана, узмацняе сілу душы для барацьбы з рознымі спакусамі, якія цягнуць чалавека да зла. Наша прыроджаная схільнасць да зла часам моцна падсілкоўваецца знешнімі спакушэннямі, а таксама лозунгамі сучаснага свету, якія ліслівяць скажонай прыродзе, таму патрэбна вялікая сіла духу, каб не збочыць з прамога шляху», — сцвердзіў іерарх.

Біскуп Яшэўскі нагадаў прысутным, што прыроджаная слабасць не можа быць нагодай для заспакойвання нашага сумлення: мы павінны пастаянна імкнуцца жыць у Божай ласкі і пазбягаць граху, у чым нам дапамагае частае і годнае спажыванне Цела Пана.

«Яшчэ адну рэч Пан Езус меў у думках, устанаўліваючы Найсвяцейшы Сакрамэнт: Ён хацеў прыносіць сябе ў ахвяру на алтары свайму нябеснаму Айцу за нашы грахі», — адзначыў Біскупскі вікарый Магілёўшчыны.

На заканчэнні сваёй прамовы біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў вернікаў заўсёды дзякаваць Езусу за ласку ўстанаўлення Сакрамэнту алтара.

«Абудзім сёння ў нашых сэрцах гарачую ўдзячнасць і будзем старацца выказаць яе знешне праз адарацыю Езуса ў Эўхарыстыі. У нядзелі і святы з ахвотаю будзем спяшацца ў святыню Пана, каб пакланіцца Богачалавеку, з глыбокай верай і пакорай будзем прасіць Яго на святой Імшы аб патрэбнай нам ласцы, а, акрамя таго, давайце будзем годна яднацца з Ім у святой Камуніі — вытрываем у добрым і не загінем навекі», — падсумаваў іерарх.

На заканчэнні святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі і вернікі магілёўскай катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава развіталіся з ксяндзом Віталіем Маргуновым, падзякаваўшы яму за чатыры гады плённага служэння ў якасці пробашча. Святар працягне служэнне ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах (Вілейскі дэканат).

 

Абноўлена 07.06.2021 11:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа