Пошук

04.06.2021 14:18   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

3 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Як паведамляе Grodnensis.by, разам з пастырам Касцёла на Гродзеншчыне Імшу канцэлебравалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары, якія служаць у катэдры, на чале з пробашчам катэдральнай парафіі ксяндзом канонікам Янам Кучынскім.

Сёлета з прычыны пандэміі каранавірусу на Эўхарыстыі прысутнічалі толькі мясцовыя парафіяне.

Звычайна ў ёй удзельнічалі вернікі ўсіх гродзенскіх парафій, якія потым выходзілі ў эўхарыстычнай працэсіі на вуліцы горада, каб даць сведчанне сваёй веры.

Гамілію прамовіў біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх разважаў у ёй над таямніцай прысутнасці Бога ў белай Гостыі, якая, як ён адзначыў, з’яўляецца «скарбам Касцёла», «сэрцам свету», «мэтай, да якой кожны чалавек, нават несвядома, імкнецца».

Па словах іерарха, перад гэтай таямніцай Бога, прысутнага ў Эўхарыстыі, «мы падаем на калені, каб змяніць рытм нашага жыцця, у якім углядаемся ўдалечыню з нашым планам і надзеяй». Генеральны вікарый дыяцэзіі падкрэсліў, што, калі чалавек прымае Цела Хрыста, то ўваходзіць з Ім у Камунію, спалучае сваё жыццё з Ягоным.

«Аб гэтым Езус добра ведаў, таму стаўся хлебам штодзённага спажывання, дзеля штодзённага станаўлення чалавечай святасці», — сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што «той, хто прагне пазнаць Езуса ў Камуніі рэцэптарамі смаку, застанецца насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго сэрцам, наталяе душу моцай Божай».

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па касцёле. Яна спынялася каля чатырох алтароў, дзе вернікі дзякавалі Пану Богу за Яго прысутнасць у іх штодзённай рэчаіснасці, перапрашалі за грэх занядбання ў жыцці і прасілі аб моцы Яго благаслаўлення на далейшы шлях дарогамі веры.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця