23 красавіка ў Варнянскай парафіі адбылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі святога Юрыя. У гэты дзень вернікаў парафіі наведалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, шматлікія святары і госці.
Як паведамляецца на парафіяльным сайце Varnyany.www.by, тутэйшыя вернікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім сустрэлі іерарха на ўездзе ў мястэчка, дзе біскуп Станеўскі благаславіў нядаўна ўсталяваны крыж і фігуру Маці Божай.
Кульмінацыяй урачыстасці стала святая Імша ў касцёле святога Юрыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юзаф Станеўскі. Далучыцця да яе мелі магчымасць усе ахвотныя з дапамогай «Радыё Марыя» ў Беларусі, якое вяло прамую трансляцыю Эўхарыстыі.
Падчас яе біскуп заклікаў вернікаў дзякаваць Богу і прасіць праз заступніцтва святога Юрыя Божага благаслаўлення для кожнага з нас, сілы і моцы, каб мы былі рыцарамі Хрыста, каб сэрца кожнага было напоўнена любоўю, еднасцю і прабачэннем.
Урачыстасць завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні, на заканчэнне якой пробашч парафіі выказаў усім прысутным і радыёслухачам падзяку за дар супольнай малітвы, а таксама павіншаваў усіх, хто носіць імя Юрый. Варнянскія парафіяне падзякавалі біскупу Юзафу Станеўскаму за тое, што знайшоў час завітаць у іх супольнасць ў такі важны для яе дзень.
Парафіяне, якія прычыніліся да ўсталявання крыжа і фігуры Маці Божай (Станіслаў Віюк, Сяргей Адула, Віктар Барысевіч), з рук біскупа Юзафа Станеўскага атрымалі Падзяку і благаслаўленне з пажаданнем шчодрых Божых ласкаў.
Завяршэннем свята і падарункам для ўсіх матуль парафіі святога Юрыя ў Варнянах стала песня «Родная маці мая» ў выкананні біскупа Юзафа Станеўскага.