Пошук

15.10.2020 12:40   Тэкст: Алена Блусянкова / Фота: Iрына Ермакова / Catholic.by

10 кастрычніка ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ўдзельнікі «Жывога місійнага Ружанца» з Мінска і іншых мясцін Беларусі адзначылі першую гадавіну існавання гэтага апостальскага малітоўнага руху.

Удзельнікаў сустрэчы шчыра прывітаў пробашч Залатогрскай парафіі і галоўны душпастыр «Жывога місійнага Ружанца» ў Беларусі ксёндз канонік Юрый Санько.

Год таму менавіта на Залатой Горцы падчас парафіяльных святых місій была заснавана першая Ружа гэтага малітоўнага руху ў складзе 20-і чалавек, а сёння іх існуе ўжо 22.

Як паведаміла на пачатку сустрэчы каардынатар апостальства «Жывога місійнага Ружанца» Алена Блусянкова, сёння ў яго складзе разам моляцца 399 вернікаў з розных гарадоў Беларусі: у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — 146, у Віцебскай дыяцэзіі — 96, у Гродзенскай — 92, у Пінскай — 63 вернікі.

Сустрэчу працягнула духоўная канферэнцыя, у якой кс. Юрый Санько разважаў пра моц малітвы і адзінства з Богам, пасля чаго адбылося ружанцовае набажэнства перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам.

Кульмінацыяй святкавання гадавіны існавання апостальскага малітоўнага руха стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Валерый Мазюк, рэдэмптарыст, — адзін са святароў, якія год таму праводзілі святыя місіі ў Залатагорскай парафіі. У прамоўленай гаміліі ксёндз Валерый падзякаваў Богу за дадзеныя Ім ласкі і вернікам за адказнае малітоўнае служэнне, дзякуючы якому ініцыятыва «Жывога місійнага Ружанца» распаўсюдзілася ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.

Удзельнікі апостальскага малітоўнага руху спадзяюцца, што да іх супольнасці будуць далучацца новыя людзі, гатовыя прысвяціць свой час і сілы ружанцовай малітве, якая перамяняе сэрцы і здзяйсняе цуды праз заступніцтва Маці Божай.

Узгадніць таямніцу Ружанца для малітвы і атрымаць неабходную інфармацыю можна па тэлефоне:

+375 (29) 557 08 27 — Алена Блусянкова, каардынатар малітоўнага руху

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа