Пошук

25.09.2020 16:07   Тэкст: Яўгенія Мядзведзева / Фота: Юлія Ахрамовіч, Ніна Бабіч / Catholic.by

24 верасня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў незвычайным фармаце адбылася штогадовая сустрэча моладзі. Яна прайшла пад назвай «Выйдзі на сувязь з Касцёлам».

Нярэдка моладзь, прыязджаючы ў сталіцу на вучобу ці працу, пакідае свой родны касцёл і губляе з ім сувязь. Каб дапамагчы маладым людзям знайсці сваё месца ў Касцёле ў Мінску, была арганізавана сустрэча для іх, на якой удзельнікі пазнаёмілі ўсіх прысутных з дзейнасцю сваіх парафіяльных супольнасцяў.

У сустрэчы ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Адказнасць зладзіць мерапрыемства ўзяла на сябе сама моладзь.

Сустрэча распачалася святой Імшой, падчас якой адбылося благаслаўленне заліковак.

У гаміліі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі асабліва падкрэсліў важнасць моладзевых сустрэч, дзе новае пакаленне можа адчуць прыналежнасць да ўсяго Божага Касцёла, а не только да асобнай парафіі.

Удзельніца Паліна распавядае: «Вельмі добра, што сустрэча пачалася са святой Імшы. Бо кожны змог прыняць Цела Езуса, гэта заўсёды мяне ўмацоўвае як духоўна, так і фізічна. Падчас выступлення іншых парафій, так званага «запрашэння да сябе», мне вельмі падабалася іх падтрымліваць. Праз гэта адчувалася лучнасць усіх суполак і людзей адно з адным. Паколькі тры гады таму я ўжо выбрала сабе супольнасць, то магу засведчыць, як важна быць з аднадумцамі і разам спазнаваць Хрыста. Напэўна, таму мне хочацца, каб кожны меў такую супольнасць, дзе мог бы служыць іншым і праслаўляць Бога».

Акрамя прэзентацыі парафіяльных супольнасцяў, моладзь мела магчымасць цікава правесці час разам.

Прысутныя маглі пачаставацца гарбатай, бліжэй пазнаёміцца праз вясёлыя інтэрактыўныя гульні, танцы і песні. Між іншым, на сустрэчы спявалася і на адной з афрыканскіх моў.

«Узнёсласць, радасць, усмешка, надзея на лепшае, адчуванне, што ўсе мы ― Касцёл, ― вось такія думкі і эмоцыі напаўняюць пасля сустрэчы. У гэты няпросты час па запаленых вачах моладзі было зразумела: кожны сумуе па сустрэчах, размовах, супольным часе. Кожны гатовы дзяліцца з бліжнім сабой і Езусам, які напаўняе нашыя сэрцы. Мы на сувязі з Касцёлам!» ― дзеліцца думкамі ўдзельніца Маргарыта.

Напрыканцы моладзь разам памалілася і падзякавала Богу за магчымасць паяднання з Ім праз Касцёл і за надзею, якую Езус улівае ў сэрцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця