Пошук

16.09.2020 09:47   Catholic.by

15 верасня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па просьбе жыхароў вёскі Орля ў Польшчы цэлебраваў святую Імшу на беларускай мове ў мясцовым касцёле.

На Падляшшы ў Польшчы, як адзначыў арцыбіскуп, жыве нямала беларусаў, якія стараюцца захаваць сваю культуру, мову і традыцыі. Назвы населеных пунктаў пішуцца на польскай і беларускай мовах; у школах багатая праграма вывучэння беларускай мовы, культуры, гісторыі, традыцый; ёсць беларускія мастацкія гурткі, радыё, телепраграмы...

У Імшы ўдзельнічала некалькі дзясяткаў вернікаў, у тым ліку вучні тутэйшай школы.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што звычайна Марыйнымі месяцамі лічацца май, калі ў Касцёле моляцца Літанію да Божай Маці, і кастрычнік, калі моляцца на ружанцы. Аднак, дадаў ён, Марыйным можна лічыць і верасень, бо 8 верасня ўзгадваецца нараджэнне Марыі, 12 верасня праслаўляецца Імя Марыі, 15 верасня — Марыя як Балесная Маці.

Арцыбіскуп нагадаў прысутным, што напярэдадні Касцёл адзначаў свята Узвышэння Святога Крыжа.

Па яго словах, калі раней крыж быў знакам жудасных цярпенняў і смерці, то дзякуючы пасхальнай таямніцы смерці і Уваскрасення Хрыста ён стаў знакам збаўлення і надзеі.

«Мы праслаўляем Езуса як нашага Збаўцу. Але побач з Ім была Марыя, якая разам з Ім цярпела. Таму лагічна, што пасля свята Узвышэння Крыжа ідзе ўспамін Маці Божай Балеснай», — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Па словах старшыні каталіцкага епіскапату Беларусі, у жыцці мы перажываем шмат цяжкасцяў, хваробы, цярпенні, няшчасці, катастрофы, крызісы. «Мы ў сваім жыцці не любім цярпенняў, хочам малым коштам дасягнуць поспеху. Але так не бывае. Каб дасягнуць добрага выніку, неабходна цяжка працаваць і вучыцца. Больш за тое, Езус у сваім славутым казанні на гары вучыць, што шчаслівыя церпячыя», — сказаў арцыбіскуп.

Таму, дадаў ён, неабходна, падобна да Марыі, не наракаць на свой лёс, а цярпліва несці крыж жыцця.

«Марыя, як наша духоўная Маці, не пакідае нас адных. У часы ваяўнічага атэізму ў далёкай Фаціме Яна заклікала да малітвы і навяртання. Гэты заклік актуальны і сёння, бо чалавек часта адыходзіць ад Бога і нават жыве так, як быццам Яго няма.

Але Бог не памёр і не пайшоў у адпачынак. Ён жыве і дзейнічае, і ў Яго руках наша будучыня. Да Яго нас вядзе Марыя, якая вучыць глядзець на цярпенні ў перспектыве вечнасці», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заахвоціў прысутных не баяцца цяжкасцяў у жыцці. Ён нагадаў лацінскі выраз Per aspera ad astra — «Праз церні да зорак».

Падчас Імшы таксама маліліся аб мірным вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі.

Вернікі падзякавалі арцыбіскупу за прысутнасць і малітву на роднай мове, што вельмі важна для падтрымкі беларускай самасвядомасці ў мясцовых жыхароў і асабліва ў выхаванні маладога пакалення на традыцыях сваіх продкаў.

Абноўлена 16.09.2020 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.