Пошук

09.09.2020 13:16   Паводле: Sdb.by
Фота: Sdb.by

7 верасня браты Марк Найдзіч SDB і Міхаіл Радзевіч SDB падчас урачыстай святой Імшы ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне (Італія) прынеслі вечныя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці.

Як паведамляе сайт салезіянаў у Беларусі Sdb.by, прынясенне абяцанняў прыняў Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства кс. Анхэль Фэрнандэс Арцімэ SDB.

Вечныя манаскія абяцанні, як адзначаецца на старонцы беларускіх салезіянаў, — адзін з найважнейшых момантаў у жыцці кансэкраванай асобы, якая жадае прысвяціць сваё жыццё выключнаму служэнню Богу і людзям. Перажыць гэты момант разам са сваімі роднымі, блізкімі, моладдзю і суайчыннікамі не атрымалася з-за пандэміі каранавірусу, але была магчымасць далучыцца да Імшы ў фармаце анлайн праз youtube, якой скарысталася вельмі шмат людзей.

Моладзь збіралася ў араторыі, каб малітоўна з’яднацца з маладымі салезіянамі ў гэты час.

Генеральны настаяцель адзначыў, што браты Марк і Міхаіл маюць унікальную магчымасць прыносіць вечныя манаскія абяцанні ў турынскай базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў, месцы, дзе выхоўваліся шматлікія пакаленні салезіянаў, якое пабудаваў сам ксёндз Боско і якое памятае славутых салезіянскіх святых.

У гаміліі ксёндз Анхель падкрэсліў, што сапраўдны салезіянін ніколі не выбірае шлях паклікання дзеля камфорту, дзеля таго, каб не мець ніякіх клопатаў, бо калі б гэта было так, гэта не быў бы сапраўдны салезіянін Дона Боско.

«Таму заахвочваю вас пражываць салезіянскае жыццё менавіта з сэрцам Дона Боско. Ён гуляў з моладдзю ў дворыку каля базылікі, маліўся тут, усё сваё жыццё прысвяціў таму, каб даць хлопцам самае лепшае. Ён стараўся наблізіць хлопцаў да Езуса праз сакрамэнт пакаяння і ахвяроўваў сваё жыццё дзеля збаўлення душ.

Калі салезіянін пражывае сваё пакліканне з сэрцам Дона Боско, то ён сапраўды шчаслівы і мае радаснае сэрца, таму заахвочваю вас даць усё самае лепшае, што маеце, моладзі!»

— звярнуўся да маладых салезіянаў Генеральны настаяцель.

Пасля браты Марк і Міхаіл зачыталі прысягу і былі прыняты ў салезіянскае таварыства як сабраты з вечнымі манаскімі абяцаннямі.

У момант ахвяравання прагучаў духоўны гімн Беларусі «Магутны Божа». Як адзначае Sdb.by, братам Марку і Міхаілу было прыемна пачуць гэты гімн, які ў нашых святынях звычайна ўпрыгожвае вялікія ўрачыстасці і прагучаў як знак салідарнасці з беларускім народам і Каталіцкім Касцёлам на Беларусі.

Абноўлена 09.09.2020 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.