Пошук

22.04.2020 13:02   Catholic.by

Ужо на працягу амаль тыдня святары Магілёўскага рэгіёна кожны вечар супольна моляцца аб спыненні пандэміі каранавірусу, за хворых, іх родных і за супрацоўнікаў службы аховы здароўя.

Як распавёў Catholic.by Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, духавенства рэгіёна такім чынам духоўна яднаецца паміж сабою і з тымі, каму ў гэты час асабліва патрэбная малітоўная падтрымка.

«У нас і так няшмат святароў, вялікія адлегласці паміж парафіямі, а тут яшчэ складаная эпідэміялагічная сітуацыя не спрыяе правядзенню сустрэч і супольных малітваў.

Вернікаў цяпер стала прыходзіць менш, і каб духоўна ўмацоўваць адзін аднаго ў такіх абставінах, мы, святары Магілёўшчыны, штовечар а 9-й гадзіне супольна молімся з дапамогаю канферэнц-сувязі.

У гэты складаны час вельмі важна захаваць адзінства і жывое адчуванне Касцёла як супольнасці, да чаго заахвочвае нас таксама Папа Францішак. З дапамогаю сродкаў камунікацыі мы разам молімся, абменьваемся думкамі, падтрымліваем адзін аднаго і верым, што прыйдзе дзень, калі мы зноў зможам сустрэцца — ужо „рэальна“ — і падзякаваць Богу за выбаўленне ад эпідэміі», — сказаў іерарх.

Біскуп Яшэўскі дадаў, што, магчыма, такі досвед супольнай малітвы, якім дзеляцца святары Магілёўшчыны, возьме на ўзбраенне духавенства таксама ў іншых месцах, каб разам перажыць складаны час пандэміі, спалучаны з ізаляцыяй і абмежаваннем кантактаў.

Абноўлена 22.04.2020 22:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця