Пошук

11.04.2020 15:00   Catholic.by

З віншаваннямі звяртаецца да вернікаў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

«Сын Чалавечы не для таго прыйшоў,
каб Яму служылі, але каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх»
Мц 20, 28

Дарагія браты і сёстры і ўсе людзі добрай волі!

Вялікдзень — Свята святаў. Можна сказаць, адзінае вялікае свята хрысціяніна. І каб спасцігнуць яго сапраўдны сэнс, трэба глядзець на хрысціянства і ўсю гісторыю збаўлення праз прызму пасхальнай таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста. Таямніца Пасхі адкрыла сучаснікам Езуса Яго Боскую натуру. Сёння і мы ўслед за рымскім сотнікам, які стаяў пад крыжам у момант смерці Хрыста, пакліканы казаць: «Сапраўды, Чалавек гэты быў Сынам Божым» (Мк 15, 39).

Ужо дваццаць стагоддзяў хрысціяне, дзякуючы дару веры ў Езуса і ў Яго ўваскрасенне, па-новаму глядзяць на сваё жыццё і смерць.

Вялікдзень пацвярджае, што любоў мацнейшая за смерць, што любоў перамагае смерць. Кожны год велікодныя святы спрыяюць аднаўленню нашага жыцця, бо ўваскрослы Езус жыве вечна, Ён застаўся сярод нас.

Сёлета мы святкуем Вялікдзень у напружаны час пандэміі. Па ўсім свеце людзі прабываюць у страху і трывозе, многія пакутуюць ад хваробы, а хтосьці перажывае страту блізкіх. Божы Провід дапускае бедства ці зло дзеля большага дабра для чалавека, якое непасрэдна ці ўскосна датычыць яго душы. Выкарыстаем гэты час для пераасэнсавання і змены нашага жыцця, даручаючы сябе провіду Міласэрнага Айца.

Няхай у гэты Вялікдзень Уваскрослы Пан прыйдзе са сваім святлом у кожны дом і кожную сям’ю — са сваім спакоем, аздараўленнем і ачышчэннем.

Жадаю святаў, поўных надзеі.

Няхай супакой і любоў, якія нясе велікоднае Ягня, напаўняюць кожны дзень нашага жыцця, а святая Марыя, усцешаная Валадарка неба, выпрошвае ў Бога патрэбныя дары.

Хрыстус уваскрос!

✠ Аляксандр Яшэўскі, S.D.B.
Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці

Абноўлена 11.04.2020 17:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця