Пошук

19.03.2020 12:15   Тэкст і фота: Андрэй Юхнік / Catholic.by

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне павіншавала свайго былога рэктара біскупа Юзафа Станеўскага, Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі.

На ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды, якую ў семінарыйнай капліцы цэлебраваў імяніннік, сабраліся семінарысты, выхаваўцы, а таксама адміністрацыя і навучэнцы тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра ў Гродне і прадстаўнікі апостальскага руху «Маргарыткі».

Сваімі малітвамі ўдзельнікі Эўхарыстыі асаблівым чынам ахінулі біскупа Юзафа, а таксама эканома семінарыі ксяндза Валерыя Аброшку, які ва ўрачыстасць святога Юзафа адзначае дзень нараджэння.

У гэты дзень Касцёл моліцца за ўсіх мужчынаў, каб Бог праз заступніцтва святога апекуна, які з’яўляецца прыкладам сціплага і пакорнага жыцця, дапамагаў ім будаваць хрысціянскую супольнасць у духу сапраўднай любові, добразычлівасці і ўзаемападтрымкі па прыкладзе святога Юзафа ў еднасці з Езусам і Марыяй.

У гаміліі да прысутных звярнуўся прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі. Выхаваўца падкрэсліў цноту пакоры і цярплівасці св. Юзафа.

«Хоць у Святым Пісанні няма словаў Апекуна Святой Сям’і, але відаць яго паводзіны, поўныя пакоры, сціпласці і даверу Божым абяцанням, што для хрысціянаў з’яўляецца добрым прыкладам і ўзорам, асабліва ў сённяшнія неспакойныя часы», — адзначыў святар.

Святкаванне завяршылася ўрачыстым снеданнем.

        
Абноўлена 20.03.2020 01:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця