12 студзеня ў мінскім араторыі імя святога Яна Боско пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў дзявяты раз адбыўся штогадовы турнір па мікра-футболе «Кубак Дона Боско».
Як паведамляе sdb.by, спаборніцтвы сабралі ў араторыі шэсць каманд: «Салезіяне», «Савіо», «Ветэраны Марока», «Мірыэль», «Землякі» і «Брыгада». У гэтым годзе фармат турніру быў зменены: раней ён доўжыўся некалькі тыдняў, сёлета — адзін дзень.
Напачатку ўдзельнікаў і заўзятараў прывітаў адказны за мінскі араторый ксёндз Алег Каралёў SDB. Святар распавёў, што для ксяндза Боско араторый з’яўляўся домам, храмам і месцам для гульні. Ксёндз Алег адзначыў, што падчас турніру на першы план выйшла гульня, але не варта забываць, што ў араторый можна прыходзіць і па-за турнірам, каб добра правесці час, у тым ліку пагуляць у футбол.
У турнірнай сетцы каманды былі падзелены на дзве групы. Пасля групавога этапу іх чакалі чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал. Па выніках групавых баталій адразу ў паўфіналы трапілі ФК «Савіо» і «Брыгада». Далей між сабой гулялі «Салезіяне» з «Землякамі» і «Мірыэль» з «Ветэранамі Марока». Па выніках гэтых гульняў склаліся наступныя пары паўфіналістаў: «Савіо» — «Землякі», дзе мацней аказаўся ФК «Савіо», і «Брыгада» — «Мірыэль», дзе пераможцам стала «Брыгада».
У гульні за бронзу перамогу атрымалі «Землякі», а ў фінале з лікам 4-1 «Савіо» саступіў «Брыгадзе».
У наступным годзе адбудзецца дзясяты «Кубак Дона Боско», і ўсіх жадаючых ужо зараз заклікаюць рыхтавацца да яго.