Пошук

01.01.2020 18:18   Catholic.by

У першы дзень 2020 года Пінскаму біскупу Антонію Дзям’янку споўнілася 60 гадоў.

Антоні Дзям’янка нарадзіўся 1 студзеня 1960 года ў вёсцы Заброддзе, што на тэрыторыі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Пасля заканчэння сярэдняй школы імкнуўся рэалізаваць пакліканне да святарства, але не атрымаў дазволу ад дзяржаўных уладаў на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю. Святарскую фармацыю праходзіў патаемна пад кіраўніцтвам доктара тэалогіі ксяндза прэлата Вацлава Пянткоўскага, тагачаснага Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.

28 кастрычніка 1980 года прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.

Да 26 красавіка 1985 г. не меў афіцыйнага дазволу ад дзяржаўных уладаў на святарскае служэнне і працаваў сакрыстыянінам і арганістам пры касцёле, патаемна выконваючы святарскае служэнне.

З 1982 па 1984 год быў прызваны на вайсковую службу, якую праходзіў у Запаляр’і Мурманскай вобласці.

З 1984 па 1998 год ксёндз Антоні Дзям’янка быў пробашчам парафіі Перамянення Пана ў Навагрудку.

З 1992 года вучыўся ў Інстытуце сям’і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве, якую скончыў у 1996 годзе, атрымаўшы акадэмічную ступень магістра тэалогіі.

4 ліпеня 1998 года дэкрэтам папы Яна Паўла ІІ быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

Біскупскае пасвячэнне Антонія Дзям’янкі 29 верасня 1998 года здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк, тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

З 1998 па 2004 год біскуп Антоні Дзям’янка з’яўляўся Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, пробашчам катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя і рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Быў абраны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшынёй рад па справах літургіі, сям’і і дабрачыннай дзейнасці.

14 снежня 2004 года папам Янам Паўлам II быў прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а 14 чэрвеня 2006 года папа Бэнэдыкт XVI прызначыў біскупа Антонія Дзям’янку Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 21 верасня 2007 года быў Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

3 мая 2012 года ў Пінску было абвешчана рашэнне папы Бэнэдыкта XVI аб прызначэнні Антонія Дзям’янкі біскупам Пінскім.

16 чэрвеня таго ж года біскуп Антоні Дзям’янка ўрачыста заступіў на пасаду дыяцэзіяльнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.

Ад рэдакцыі

Рэдакцыя парталу Catholic.by на чале з дырэктарам кс. Аляксандрам Уласам выказвае шчырыя віншаванні дастойнаму юбіляру і жадае яму праз заступніцтва Святой Багародзіцы Марыі шчодрых Божых ласкаў у нясенні нялёгкага пастырскага служэння дзеля хвалы Божай і на карысць вернаму народу Пінскай дыяцэзіі.

Абноўлена 01.01.2020 21:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа