28 снежня адбылася аплаткавая сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага з дзецьмі. Сустрэча па традыцыі праходзіла ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, якой апякуюцца салезіяне.
У гэтым годзе на сустрэчы сабралося 250 дзяцей са шматлікіх парафій горада Мінска і іншых гарадоў дыяцэзіі. Распачалася яна святой Імшой, і, як заўсёды, капліца ў Серабранцы ледзь змясціла ўсіх дзяцей і іх бацькоў.
У гаміліі біскуп звярнуўся да дзяцей і дарослых з пытаннем: «Ці прынёс хто-небудзь Езусу Хрысту на Яго нараджэнне сябе лепшага, чым у мінулым годзе, ці застаўся такім, як і раней?»
Іерарх заахвоціў прысутных паглядзець на свае ўмовы жыцця і супаставіць іх з тымі, якія былі напачатку ў Езуса.
Пасля Імшы дзяцей і бацькоў запрасілі на працяг свята ў будынак салезіянскага араторыя, дзе ўдзельнікі сустрэчы і падзяліліся аплаткамі. Мясцовая моладзь і аніматары падрыхтавалі святочную праграму з бансамі, спевамі і тэатральным прадстаўленнем. На пачатку праграмы дзяцей сустрэў Юзаф, які згубіў сваю жонку Марыю і маленькага Езуса. Ён прапанаваў усім дзецям дапамагчы яму знайсці іх, выкарыстоўваючы яго карту. Дзеці з вялікай ахвотай і запалам прынялі ўдзел у гульнях і конкурсах, каб як найхутчэй знайсці Марыю.
Дзяленне аплаткай для дзяцей і дарослых з’яўляецца сапраўднай радасцю, таму яны з вялікай ахвотай стараліся знайсці час, каб выказаць пажаданні біскупу. Не абышлося таксама без жадання сфатаграфавацца з іерархам. Дзяліліся дзеці і паміж сабою, сваімі бацькамі, святарамі і сёстрамі законнымі, якія прысутнічалі на сустрэчы.