Пошук

23.12.2019 12:47   Тэкст і фота: кс. Міхал Бубен / Catholic.by

20 снежня ў магілёўскай парафіі св. Антонія адбылася аплаткавая сустрэча біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, з малітоўнымі супольнасцямі «Легіён Марыі», «Жывы Ружанец» і «Маці ў малітве».

Сустрэча супала з другім днём адвэнтавых парафіяльных рэкалекцый, якія ў гэтым годзе праводзіць у парафіі ксёндз Міхал Бубен, пробашч мсціслаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сустрэча пачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп, а адвэнтавую навуку прамовіў рэкалекцыяніст.

У гаміліі кс. Міхал, узяўшы за аснову літургію слова гэтага дня, звярнуў увагу на важнасць слова ў жыцці кожнага верніка.

«Мы штодзённа, паўтараючы словы малітвы „Анёл Панскі“, вызнаём, што Слова сталася Целам і пасялілася між намі, аднак ці памятаем пра тое, што чалавек, створаны на Божае падабенства, павінен таксама і сваім словам сведчыць пра прыналежнасць да Бога? Чаму тады сучаснаму чалавеку так цяжка прыняць Божае слова і жыць ім, а шмат прасцей карыстацца праклёнамі і словамі нянавісці?» — разважаў рэкалекцыяніст.

 

Пасля Эўхарыстыі ў доме айцоў клярэтынаў адбылася аплаткавая сустрэча, падчас якой у сямейнай атмасферы біскуп Аляксандр благаславіў аплаткі і павіншаваў вернікаў з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння.

Віншуючы, іерарх звярнуў увагу на важнасць малітвы Ружанца, дабрачыннай дзейнасці «Легіёну Марыі» і нястомнай малітвы маці за сваіх дзяцей.

Дзякуючы за актыўны ўдзел у жыцці Касцёла на Магілёўшчыне, біскуп заахвоціў трываць у малітве і несці дабрыню Бога патрабуючым.

Сустрэча скончылася пачастункам, падчас якога біскуп распавёў пра бягучыя справы Касцёла на Магілёўшчыне і папрасіў маліцца ў справе адраджэння санктуарыя Маці Божай ў Бялынічах і вырашэння тых цяжкасцяў з якімі сутыкаецца Касцёл у гэтым рэгіёне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця