Пошук

18.11.2019 10:59   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by
Пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай кс. канонік Францішак Рудзь і дырэктар выдавецтва «Pro Christo» Аліна Новікава

17 лістапада ў парафіі Маці Божай Будслаўскай, што на Каменнай Горцы ў Мінску, адбылася сустрэча калектыву выдавецтва «Pro Christo» з вернікамі. Мерапрыемства прайшло ў межах сустрэч супрацоўнікаў рэдакцыі са сваімі чытачамі, што сталі ўжо традыцыйнымі.

Выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» — часты госць у парафіі. Выставы-кірмашы, гутаркі, сустрэчы з калектывам рэдакцыі пакідаюць след у душы кожнага верніка. Рэлігійная літаратура выдавецтва палюбілася нашым чытачам. Цікавая падача матэрыялу і прыгожае афармленне кніг з’яўляюцца візітнай карткай выдавецтва. Гэтыя выданні даўно і заслужана занялі сваё месца ў хатняй і парафіяльнай бібліятэках, сталі годным падарункам для гасцей.

Нягледзячы на тое, што апошняя сустрэча з калектывам выдавецтва «Pro Christo» адбылася паўтара месяца таму, вернікі зноў з радасцю сустрэліся са сваімі добрымі знаёмымі. Гэтым разам калектыў рэдакцыі падзяліўся планамі, задумамі і літаратурнымі праектамі на бліжэйшую будучыню.

Асаблівую цікавасць у вернікаў выклікала кніга, прысвечаная кардыналу Казіміру Свёнтку, якая рыхтуецца да выдання.

Чалавек-легенда, першы і адзіны ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал стаў жывым сімвалам мясцовага Касцёла. Наведваючы парафіі сваёй дыяцэзіі, ён крануў сэрца кожнага верніка. Яго малітва, аптымізм і ўсмешка сталі сімваламі непахіснай веры і прыкладам для кожнага католіка ў яго асабістай сувязі з Богам.

Кніга будзе ўключаць успаміны свецкіх людзей і духавенства, якія добра ведалі кардынала або проста былі з ім знаёмыя. Яна стане дакументальным сведчаннем папулярнасці яго асобы сярод людзей розных поглядаў і веравызнанняў, актыўнай дзейнасці арцыпастыра ў галіне ўзаемаадносінаў веры, рэлігіі і палітыкі на пачатку трэцяга тысячагоддзя.

Напоўненыя мудрасцю разважанні кардынала Свёнтка не губляюць сваёй актуальнасці і пасля яго смерці.

Яны ахопліваюць галоўныя тэмы сучаснасці, пачынаючы ад асабістых перажыванняў да жыцця Касцёла і грамадства ў нашай краіне.

Асноўная ідэя кнігі заключаецца ў паказе шматграннасці асобы сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, які нават з дома Нябеснага Айца не перастае нагадваць нам, што Бог дае кожнаму верніку сваю любоў і прабачэнне.

Абноўлена 18.11.2019 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа