Пошук

11.11.2019 14:07   Паводле: Sdb.by

7 лістапада салезіянская сям’я Беларусі адзначыла Дзень еднасці. Гонар прымаць удзельнікаў свята сёлета атрымала мінская салезіянская супольнасць, прадстаўнiкi якой нясуць служэнне ў парафіi св. Яна Хрысціцеля ў мiкрараёне Серабранка.

Пра гэта паведамляе sdb.by.

Свята распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку Імшы пробашч парафіі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB прывітаў біскупа, рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктара Гайдукевiча SDB, усіх сабратоў салезіянаў і прадстаўнікоў іншых галін салезіянскай сям’і, якія прыбылі на свята.

У гаміліі біскуп Аляксандр, разважаючы над урыўкам з Евангелля, у якім апавядаецца, як Езус аздараўляў пракажоных, адзначыў, што ў сучасным свяце людзям вельмі не хапае пачуцця ўдзячнасці. Па словах іерарха, калі паглядзець на нашыя малітвы, можна падумаць, што Бог нас ніколі не выслухоўвае, бо з нашых вуснаў часцей выходзяць просьбы, а падзякi нама. Мы прызвычаіліся шмат наракаць: на ўлады, цэны, дарогі, здароўе, Касцёл. На жаль, мы заўважаем шмат адмоўных рэчаў і не бачым нічога станоўчага, добрага.

Вынікам гэтага становіцца нашая беднасць — недахоп падзякi і задаволенасцi, мы робімся вельмі сумнымі людзьмі.

«Сапраўдны хрысціянін — гэта той, хто служыць Богу, нібы жадае аддаць Яму доўг, але разумее, што ніколі аддаць яго не зможа. Гэта той, хто разумее, што Бог заплаціў самую вялікую цану за яго свабоду і самую вялікую цану за яго вечнае жыццё. Бог чакае, дарагія браты і сёстры, каб мы праслаўлялі Яго, каб мы былі ўдзячнымі і праяўлялі гэтую ўдзячнасць праз канкрэтныя ўчынкі ў нашым штодзённым жыцці», — адзначыў iерарх.

Біскуп падкрэсліў, што кс. Боско заўсёды вучыў сваіх выхаванцаў быць удзячнымі. Уся выхаваўчая сістэма настаўніка моладзі будавалася на ўдзячнасці, любові і адданасці. Толькі па-сапраўднаму ўдзячны чалавек можа адкрыць сваё сэрца на любоў Бога. А адкрытыя на любоў сэрцы — найпрыгажэйшы шлях да святасці.

Свята працягнулася ў араторыі імя св. Яна Боско, дзе сабраныя мелі магчымасць падсілкавацца, зрабіць прыгожыя фотаздымкі, пагуляць, паглядзець прэзентацыю аб дзейнасці салезіянскай сям’і ў гэтым годзе.

Музычнае суправаджэнне праграмы забяспечвала група Bosco Band. Моладзь з кожнага араторыя, iснуючага на тэрыторыi Беларусі, прадставіла кароткія нумары, падрыхтаваныя адмыслова да свята.

Напрыканцы праграмы самыя малодшыя прадстаўнікі мінскага араторыя паказалі сцэнку. У ёй жыхары неба, апосталы Павел і Пётр, вельмі зацікавіліся тым, што адбываецца на зямлі, бо шум і гукі далятаюць нават да іх. Апостал Павел распачаў расследванне, падчас якога высветлілася, што прычынай гэтай шумнай радасці сталі салезіяне, якія адзначаюць Дзень еднасці ў Мінску. Пасля гэтага апостал патэлефанаваў ксяндзу Віктару і выказаў свае віншаванні з нагоды свята.

Напрыканцы кс. Віктар выказаў падзяку мінскай супольнасці салезіянаў, сёстрам, салезіянскім супрацоўнікам, аніматарам, удзельнікам суполкі «Адкрытыя сэрцы» і ўсім, хто далучыўся да падрыхтоўкі свята.

Пасля агульнага фотаздымка ўсе прысутныя атрымалi падарунак: каляндар на новы год, у якім адзначаны ўспаміны ўсіх салезіянскіх святых і благаслаўлёных. А салодкі стол, падчас якога ўдзельнікі Дня еднасці мелі магчымасць паразмаўляць адзін з адным і падзяліцца ўражаннямі ад свята, нагадваў аб салодкасці апекуна салезіянскай сям’і — святога Францішка Сальскага.

Абноўлена 11.11.2019 14:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа