Пошук

04.11.2019 09:52   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Catholic.by

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў адноўленую капліцу і званіцу на францішканскіх могілках у Гродне.

Капліца была пабудавана ў 1852 г. у стылі класіцызму, а ў 1881 г. побач была ўзведзена званіца.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, намаганнямі айцоў францішканаў, якія служаць у Гродне, дзякуючы вялікай ахвярнасці парафіянаў капліца была адноўлена і сёння зноў з’яўляецца годным месцам хрысціянскага культу.

Паколькі невялікая капліца не магла змясціць вернікаў, якія прыйшлі наведаць магілы сваіх блізкіх і памаліцца аб вечным жыцці для іх, цэлебрацыя святой Імшы адбывалася на прыступках перад уваходам у адноўленую святыню.

Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Удзельнікі Эўхарыстыі маліліся перадусім за тых, хто спачывае на гэтых могілках, а таксама за ўсіх памерлых.

У прамоўленым Божым слове пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што ў першыя дні лістапада шмат вернікаў скіроўваецца на могілкі, каб шукаць адказу на пытанні, якія заўсёды турбуюць чалавека: чаму мы павінны паміраць? чаму наша цела стане калісьці нерухомым і неўзабаве пасля гэтага ператворыцца ў прах? а што будзе далей?

Біскуп падкрэсліў, што ў кожным чалавеку ёсць унутраная туга па несмяротнасці, па жыцці без канца.

«Мы, хрысціяне, верым, што гэтая туга мае сваю крыніцу ў Богу, які стварыў чалавека для несмяротнасці», — дадаў іерарх.

Па яго словах, гэтай тугі не можа спатоліць зямное жыццё, бо яно занадта кароткае, хутка прамінае, а яго тонкая нітка кожную хвіліну можа лёгка быць разарваная хваробай, няшчасным выпадкам або іншым чалавекам.

«Аднак наша надзея сягае далей і глыбей. Яна ўкаранёна ў Божым слове, а асаблівым чынам у асобе і вучэнні Езуса Хрыста», — падкрэсліў біскуп Кашкевіч.

Ён адзначыў, што вера і надзея, што засноўваюцца на Хрысце, Сыну Божым, дазваляюць нам знаходзіцца ў лучнасці з нашымі братамі і сёстрамі, якія пераступілі парог смерці і ўжо жывуць іншым жыццём — праўдзівым, вечным, якое не мае канца.

«Мы становімся ўдзельнікамі таямніцы еднасці святых.

Нас яднае з памерлымі штосьці большае, чым толькі памяць, удзячнасць, сум і жаль. Мы ўтвараем з імі адну супольнасць, якая завецца Касцёлам», — дадаў біскуп.

Іерарх заахвоціў вернікаў зрабіць усё, што толькі ў іх сілах, каб гэты пераход у вечнасць, які калісьці настане, быў спакойным і шчаслівым, напоўненым радасцю сустрэчы з Богам і ўдзячнасцю за Яго незлічоныя ласкі.

Пасля Імшы сотні вернікаў прайшлі ў працэсіі па старых могілках.

Падчас яе яны спыняліся каля пяці стацый, каб даверыць Божай міласэрнасці сваіх блізкіх памерлых і прасіць для іх ласкі неба.

Абноўлена 05.11.2019 12:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа