
16 кастрычніка ў Фашчаўцы (Магілёўскі дэканат) прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёна, на якой былі вызначаны прыярытэты і складзены план мерапрыемстваў у галіне душпастырскай дзейнасці Касцёла на Магілёўшчыне на перыяд з верасня 2019 па верасень 2020 года.
Да абмеркавання і рэалізацыі ўсяго задуманага з гэтага года далучыліся яшчэ два святары і законная сястра, якія распачалі сваё служэнне ў парафіях Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Як прадугледжана зацверджаным на пастырскай сустрэчы планам, бліжэйшым мерапрыемствам у жыцці Касцёла на Магілёўшчыне ўжо ў гэтым месяцы стане святкаванне ўспаміну святога Антонія Марыі Клярэта, біскупа. Свята ў гонар нябеснага апекуна ксяндзоў з законніцкай супольнасці клярэтынаў, якія ўжо шмат гадоў працуюць у Магілёве, адбудзецца ў чацвер 24 кастрычніка.
6 лістапада духавенства рэгіёна збярэцца ў Бялынічах на традыцыйную малітву за памерлых святароў, якія ў мінулыя часы неслі служэнне на Магілёўшчыне.
Пачатак супольнай малітвы і пастырскай сустрэчы ў 11.00.
21 снежня ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава пройдзе Адвэнтавае чуванне моладзі.
У снежні і студзені пройдзе шэраг аплаткавых сустрэч Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, якія іерарх правядзе з рознымі групамі вернікаў.
25 студзеня, у свята навяртання св. Апостала Паўла, у 18.00 у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску адбудзецца святая Імша і малітва аб адзінстве хрысціянаў, а 29 студзеня ў Магілёве ўрачыста адзначаць успамін бл. Баляславы Марыі Лямэнт — нябеснай апякункі сясцёр місіянерак Святой Сям’і.
У суботу 22 лютага, у свята Катэдры св. Пятра, апостала, у магілёўскай катэдры пройдзе сустрэча моладзі рэгіёна на тэму: «Як абараняць сваю веру».
10 красавіка, у Вялікі чацвер, у 11.00 у катэдры ў Магілёве адбудзецца св. Імша Хрызма і пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёна, а 18 красавіка запланавана Велікоднае чуванне для моладзі на тэму: «Адчыніце дзверы Хрысту».
Сустрэча міністрантаў у магілёўскай катэдры пройдзе 2 мая, а 16–17 мая запланаваны «Адпачынак з Богам» для моладзі Магілёўскага рэгіёна ў Касцюковічах.
У нядзелю 14 чэрвеня ў 11.00 святою Імшою распачнецца агульнамагілёўская працэсія Божага Цела, а 25 чэрвеня плануецца выхад пешай пілігрымкі з Магілёва ў Будслаў.
У нядзелю 1 жніўня ў Мсціславе пройдзе рыцарскі фэст і парафіяльны адпуст Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Упершыню ўрачыстасць у гэтым старажытным горадзе адбудзецца з новапрызначаным пробашчам, якім стаў кс. Міхал Бубен.
8 жніўня сваю ўрачыстасць у гонар святога Дамініка адзначаць айцы дамінікане, якія шмат гадоў нясуць служэнне на магілёўскай зямлі, а ў суботу 15 жніўня будзе адзначацца ўрачыстасць тытулу касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў катэдры ў Магілёве.
5 верасня на ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай выйдзе пешая пілігрымка з Магілёва, а адпустовыя ўрачыстасці ў Бялынічах распачнуцца 6 верасня ў 15.00. Адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай у Горках адбудзецца ў суботу 19 верасня апоўдні.
Каб больш падрабязна пазнаёміцца з планам душпастырскіх мерапрыемстваў, якія ў бліжэйшы час мяркуецца правесці ў Магілёўскім рэгіёне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, можна спампаваць дакумент у фармаце PDF тут >>>
Увага! У пададзеным плане могуць адбывацца змены, звязаныя з актуальнымі душпастырскімі патрэбамі і дастасаваннямі да іншых бягучых падзей.