Пошук

17.06.2019 12:54   Паводле: Кс. Віктар Захарэўскі / Grodnensis.by / Фота: Юрый Аблажэй / Grodnensis.by

13 чэрвеня ў парафіі Божага Цела ў Дварцы (Дзятлаўскі дэканат Гродзенскай дыяцэзіі) адзначалася адпустовая ўрачыстасць св. Антонія Падуанскага, а таксама 30-я гадавіна з часу вяртання вернікам парафіяльнай святыні.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, па запрашэнні пробашча кс. Віктара Захарэўскага ўрачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які роўна 30 гадоў таму, 13 чэрвеня 1989 г., цэлебраваў у мясцовым касцёле першую святую Імшу.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тры падзеі, якія сабралі вернікаў у дварэцкай святыні.

Па-першае, адзначыў ён, гэта свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара. Гэтае свята заахвочвае больш уважліва ўгледзецца ў твар Хрыста Святара, які здзяйсняе праз зямных святароў свае сакрамэнты. Гэта свята, якое запрашае маліцца аб новых пакліканнях і за пакліканых. Біскуп нагадаў вернікам пра іх адказнасць шанаваць святароў і маліцца за іх.

Па-другое, гэта, па словах іерарха, парафіяльнае свята св. Антонія, вельмі вядомага і шанаванага ўсімі. Біскуп прыгадаў гісторыю яго жыцця і дзейнасці на італьянскай зямлі, а таксама ягоную дапамогу з неба жыхарам нашай зямлі.

Па-трэцяе, гэта дар падзякі Пану Богу за магчымасць 30 гадоў свабодна маліцца ў адчыненай святыні, якую саветы пры Хрушчове забралі разам з плябаніяй пад медыцынскія патрэбы.

З плябаніі і салезіянскага араторыя зрабілі шпіталь, а будынак касцёла выкарыстоўвалі як склад і стайню для шпітальнага каня.

Біскуп успомніў, як людзі стараліся адрамантаваць знішчаную святыню, а таксама заахвоціў маладое пакаленне шанаваць свой касцёл.

Як прыклад ён прывёў сітуацыі на Піншчыне, дзе ў некаторых месцах толькі год або два, як улады аддалі вернікам касцёльныя будынкі.

На заканчэнне літургіі пасля працэсіі і спеву гімну Te Deum моладзь падзякавала першаму пробашчу парафіі і сваім продкам за сённяшнюю святыню, а таксама павіншавала біскупа з імянінамі.

Свята сабрала шмат дзяцей з розных ваколіц і парафій.

Традыцыйна ўжо 30 гадоў на фэсце ў Дварцы ім удзяляецца благаслаўленне, што сёлета зрабіў біскуп, раздаўшы ім маленькія крыжыкі, благаслаўленыя папам Францішкам.

Абноўлена 18.06.2019 09:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.