
24 кастрычніка ў магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава адбудзецца ўрачыстасць з нагоды пятай гадавіны служэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Святая Імша распачнецца ў 11.00.
З гэтай нагоды Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуўся да святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў архідыяцэзіі з запрашэннем прыняць удзел ва ўрачыстасці.
Магілёўская святыня мае асаблівае значэнне ў гісторыі Каталіцкага Касцёла: у 1783 годзе Апостальская Сталіца зацвердзіла стварэнне Магілёўскай архідыяцэзіі, якая стала цэнтрам першай каталіцкай мітраполіі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Першым мітрапалітам быў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.
Да ўдзелу ў святкаванні запрашаюцца святары, кансэкраваныя асобы і вернікі ўсіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мітрапаліт Юзаф Станеўскі выказаў пажаданне, каб гэтая гадавіна стала супольнай падзеяй для ўсёй архідыяцэзіяльнай сям’і.
Арганізацыйная інфармацыя
Святароў, кансэкраваных асоб і адказных за парафіяльныя групы просяць загадзя паведаміць пра ўдзел у святкаванні і колькасць вернікаў, якія плануюць прыехаць у Магілёў. Гэта неабходна для арганізацыі пачастунку пасля ўрачыстасці.
Інфармацыю трэба перадаць пробашчу магілёўскай конкатэдры ксяндзу Уладзіміру Русаку па тэлефоне: +375 (29) 622 23 10 (Viber, WhatsApp).
Урачыстасць стане нагодай для супольнай малітвы ў інтэнцыях Мітрапаліта і падзякі Богу за пяць гадоў яго пастырскага служэння.
Прэс-служба аддзела архідыяцэзіяльнай курыі ў Магілёўскім рэгіёне







