Пошук

24.08.2026 21:00   grodnensis.by / Catholic.by

Фота: https://ru.wikipedia.org/wiki

30 жніўня ў Гродне адбудзецца святая Імша ў 35-ю гадавіну смерці ксяндза інфулата Міхала Арановіча, генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі, святара, які ў савецкі час быў духоўным апекуном горада. Яго 59-гадовае служэнне, перарыванае ссылкай і пераследаваннямі, стала падмуркам для каталіцкай супольнасці на Гродзеншчыне.

Святая Імша адбудзецца ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) ў 19.00. Гадзінай раней (у 18.00) вернікі змогуць памаліцца пры магіле святара на старых гродзенскіх могілках. Да ўдзелу запрашаюцца як парафіяне, так і духавенства — памяць гэтага душпастыра лічаць важнай не толькі для Гродзенскай дыяцэзіі, але і для ўсёй краіны.

Ксёндз Міхал Арановіч нарадзіўся ў 1907 годзе ў Рудцы (цяпер тэрыторыя Польшчы), у 1932 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ад віленскага арцыбіскупа Рамана Ялбжыкоўскага. Святарскі лёс ксёндза Міхала вёў праз парафію ў Каменцы, дзе ён быў спачатку вікарыем, а потым і пробашчам. Пасля было вайсковае капеланства, інтэрнаванне ў Літве і вяртанне на ранейшае месца. Аднак галоўны этап пачаўся ў 1948 годзе, калі яго прызначылі капеланам у Гродне, а праз два гады, пасля закрыцця ўладамі пабрыгіцкага касцёла, ксёндз Арановіч перанес Найсвяцейшы Сакрамант у пабернардынскі касцёл — менавіта туды, дзе і пройдзе памінальная Імша.

У 1951 годзе святар быў арыштаваны савецкімі ўладамі і да 1953 года знаходзіўся ў ссылцы ў Кемераўскай вобласці. Пасля вяртання ўзначаліў пабернардынскі касцёл, стаў дэканам і генеральным вікарыем дыяцэзіі. З 1961 года, пасля высылкі пробашча фарнага касцёла, абслугоўваў і гэтую святыню, хоць улады дазвалялі праводзіць там Імшу толькі некалькі разоў на год.

Пасля смерці айца францішканіна Аркадзія Вальтаса ксёндз Міхал Арановіч быў адзіным каталіцкім святаром у Гродне да 1976 года, калі прызначылі яшчэ аднаго пробашча. У цэлым 40 гадоў з яго служэння прыйшлося на горад над Нёманам.

У 1979 годзе папа Ян Павел II надаў ксёндзу Міхалу Арановічу тытул прэлата, а ў 1990 годзе — інфулата. Святар адыйшоў у вечнасць 30 жніўня 1991 года.

Ксёндз Міхал быў адным з тых, хто, нягледзячы на найцяжэйшы перыяд атэізму, захаваў каталіцкую духоўнасць горада.

Абноўлена 25.08.2026 02:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця