Пошук

28.05.2023 22:55   Catholic.by
Фота Алены Бобр

31 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адзначаць адпустовую ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты.

Першы касцёл, пабудаваны ў Будславе ў XVII стагоддзі, быў пасвячаны пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты. Гэтая святыня з унікальным разблёным алтаром — так званы «стары касцёл» — сёння з’яўляецца часткай Нацыянальнага санктуарыя, непасрэдна злучанай з асноўным касцёлам, дзе ў галоўным алтары знаходзіцца цудадзейны абраз.

Успамін Адведзінаў святой Альжбеты традыцыйна святкуецца ў будслаўскай парафіі як адпуст.

У сераду 31 мая ў будслаўскай базыліцы а 18-й гадзіне адбудзецца святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч у 42-ю гадавіну святарства. Заслужаны іерарх прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне 31 мая 1981 года.

Пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік ад імя мясцовых вернікаў запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у адпустовай урачыстасці, або духоўна далучыцца з дапамогай прамой трансляцыі на YouTube-канале Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

У Будславе традыцыйна адзначаюцца тры адпусты: Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты (31 мая); Маці Божай Будслаўскай (2 ліпеня; апошнім часам — першая субота ліпеня); Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (тытул будслаўскай базылікі, 15 жніўня).

Абноўлена 02.06.2023 23:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.