12–13 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сваёй малой радзіме ў Адэльску (дэканат Гродна Захад) узначаліць урачыстыя цэлебрацыі ў гонар парафіяльнага адпусту святога Антонія.
Адпустовыя ўрачыстасці ў адэльскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі распачнуцца святой Імшой у вігілію, 12 чэрвеня, а 20-й гадзіне. Яны пройдуць з удзелам ураджэнца мястэчка арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які такім чынам адзначыць на малой радзіме 40-годдзе з дня прэзбітэрскага пасвячэння.
Падчас святой Імшы ўвечары адбудзецца традыцыйная працэсія са свечкамі вакол святыні.
У нядзелю 13 чэрвеня арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліць цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, падчас якой удзеліць групе мясцовых вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.
Пачатак у 10.00.