Пошук


Фота: grodnensis.by

У першыя дні верасня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў новыя прызначэнні на пасады ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Іх атрымалі ксяндзы Андрэй Скамарошка і Андрэй Лішко.

Ксёндз Андрэй Скамарошка, які з 29 кастрычніка 2025 года займае пасаду прэфекта семінарыі, цяпер будзе адказваць таксама за душпастырства літургічнай службы алтара Гродзенскай дыяцэзіі і адначасова стане куратарам прапедэўтычнага курса ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Ксёндз Андрэй Скамарошка нарадзіўся 18 ліпеня 1991 года, паходзіць з парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў ад біскупа Аляксандра Кашкевіча 4 чэрвеня 2016 года ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя. У 2024 годзе атрымаў доктарскую навуковую ступень у Вармінска-Мазурскім універсітэце ў Ольштыне (Польшча).

Ксёндз Андрэй Лішко, які раней служыў пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве (Дзятлаўскі дэканат), прызначаны духоўным айцом Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне і мадэратарам пакліканняў у Гродзенскай дыяцэзіі.

Гэта прызначэнне стала асабліва адказным крокам для ксяндза Андрэя, таму што ён прыходзіць на месца свайго папярэдніка — святой памяці ксяндза Яна Сарэлы, які адышоў у вечнасць 15 мая 2026 года пасля цяжкай хваробы. Ксёндз Ян Сарэла меў вялікі аўтарытэт не толькі сярод гродзенскіх святароў, але і сярод семінарыстаў. Як адзначыў біскуп Уладзімір Гуляй, «ксёндз Ян быў чалавекам, які ўмеў не толькі гаварыць пра Бога, але сапраўды жыў Богам».

Пераняць духоўнае кіраўніцтва пасля чалавека, які карыстаўся такой глыбокай павагай — заўсёды вялікае выпрабаванне для пераемніка. У гісторыі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне гэта толькі другі выпадак (першы адбыўся ў 1998 годзе), калі новы намеснік заступае на пасаду духоўнага айца пасля сканчэння сваім папярэднікам жыццёвага шляху.

Ксёндз Андрэй Лішко, уступаючы на гэту пасаду, будзе працягваць справу свайго папярэдніка, памятаючы яшчэ адзін выраз іерарха:

«Гэтае служэнне патрабуе не толькі ведаў ці жыццёвага досведу, але перадусім глыбокага ўнутранага жыцця, здольнасці слухаць чалавека, суправаджаць яго ў духоўным шляху, дапамагаць распазнаваць волю Божую і вучыць любові да Хрыста і Яго Касцёла».

Біскуп Гуляй нязменна заклікае вернікаў не спыняць малітваў аб новых і святых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, бо «вельмі Касцёлу патрэбныя людзі, якія адважацца пакінуць усё і пайсці за Хрыстом».

Ксёндз Андрэй Лішко нарадзіўся 8 лістапада 1984 года. Паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў ад біскупа Аляксандра Кашкевіча 30 мая 2009 года ў катэдры святога Францішка Ксавэерыя ў Гродне. Раней быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, вучыўся на тэалагічным факультэце ў Кёльнскай вышэйшай школе каталіцкай тэалогіі (Германія).

 

Абноўлена 08.09.2026 23:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.