
31 студзеня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Яна Боско. З яго жыццём было звязана такое мноства цудоўных падзей, што Папа Пій XI сказаў аб ім: «У яго жыцці звышнатуральнае станавілася амаль натуральным, а незвычайнае — звычайным».
Святы Ян Боско — заснавальнік Кангрэгацыі салезіянаў, вялікі хрысціянскі выхавальнік і педагог. Чалавек, які згуртаваў вакол сябе тысячы маладых людзей. Настаўнік, які здолеў сваёй міласэрнай і цярплівай любоўю ўтаймоўваць непакорны нораў самых цяжкіх падлеткаў. Святар, пасля гутаркі з якім тыя, хто адышлі ад веры, вярталіся да пакаяння і малітвы. Ёсць сведчанні аб тым, што некалькі разоў за сваё жыццё ён здзяйсняў цуды — вылечваў людзей і памнажаў хлеб, падобна Хрысту.
Зрэшты, галоўным цудам яго жыцця была нязменная прысутнасць у ім Божага Провіду і самаахвярная адданасць сябе справе, даручанай яму Богам — справе выхавання бедных і пагарджаных грамадствам хлопчыкаў.
Сваё жыццё святы Ян Боска выклаў у аўтабіяграфіі пад назвай «Успамін аб араторыі», а свой педагагічны і выхаваўчы метад — у брашуры «Прэвентыўная сістэма выхавання юнацтва».
Выхадзец з сялянскай сям'і, які ў раннім дзяцінстве страціў бацьку, ксёндз Боска заўсёды адрозніваўся мэтанакіраванасцю. Каб стаць святаром, яму прыйшлося пераадолець супраціўленне старэйшага брата, доўгі час сумяшчаць вучобу з зарабляннем на хлеб. Калі Яну Боска было дзесяць гадоў, яму прысніўся сон, у якім Найсвяцейшая Панна Марыя даручыла яму пасвіць маленькіх дзікіх звяроў і ператвараць іх у паслухмяных ягнят. З самага пачатку свайго святарства яго высілкі былі накіраваны на працу з моладдзю з сацыяльных нізоў Італіі. Ізноў перажываючы шматлікія цяжкасці, якія прымусілі б некаторых адступіць, ён стварыў Араторый святога Францішка Сальскага, затым — некалькі школ і рамесных навучальных майстэрняў. Пасля ён заснаваў Кангрэгацыю салезіянаў, якая да моманту яго смерці ў 1888 годзе падрыхтавала каля ста тысяч выхаванцаў. У цяперашні час салезіянцы працуюць у 132 краінах на пяці кантынентах, несучы Евангелле моладзі праз шырокую выхаваўчую і адукацыйную працу.
Святога Яна Боско адрознівала адкрытасць да дасягненняў свайго часу — ён быў першым святаром, які падрыхтаваў экспазіцыю на нацыянальнай прамысловай выставе, і першым каталіцкім святаром, які даў інтэрв'ю газеце.
Святы Ян Боско быў аўтарам брашуры «Папераджальная сістэма выхавання юнацтва» (у ёй сфармуляваная яго педагагічная сістэма як аснова, у якой заяўляецца беззапаветная адданасць выкладчыка дзецям і поўнае выключэнне пакаранняў), шэрагу школьных падручнікаў, выдаўцом 204 выпускаў «Бібліятэкі аўтараў».
Паслядоўнікі справы святога Яна Боско ў Беларусі

Салезіяне святога Яна Боско (SDB) вядуць актыўную дзейнасць у Беларусі і застаюцца вернымі харызме, якую пакінуў ім іх заснавальнік: «Быць для моладзі знакам Божай любові». Салезіянскія «цэнтры» знаходзяцца ў Смаргоні, Мінску і Бараўлянах.
Натхнёныя духам свайго заснавальніка, салезіяне аказваюць пераважную ўвагу моладзі, асабліва той, якая церпіць нястачу, стала ахвярай эксплуатацыі або насілля, а таксама тым маладым людзям, якія пачынаюць працоўнае жыццё.
Салезіяне адкрытыя на многія формы апостальскай дзейнасці: катэхізацыя, хрысціянская адукацыя, супрацоўніцтва ў адукацыйных і выхаваўчых установах, сацыяльнае служэнне ў асяроддзі бедных, дзейнасць у сферы сродкаў сацыяльных камунікацый, супрацоўніцтва ў галіне пастырскіх пакліканняў, місіянерская праца, удзел у экуменічным і міжрэлігійным дыялогу, дзейнасць у сферы міласэрнасці і ў сацыяльных структурах і іншых.
6 спосабаў шчаслівага жыцця ад святога Яна Боско

Немагчыма адмаўляць, што чалавечай прыродзе ўласціва жадаць шчасця. Мы прагнем шчасця — бязмежнай, бясконцай радасці.
Святы Ян Боско быў чалавекам, які прайшоў праз многія выпрабаванні, аднак пражыў жыццё поўнае радасці і шчасця.
«Дарагія, я чалавек, які любіць радасць і які хоча бачыць вас і кожнага шчаслівымі. Калі вы зробіце, як я скажу, вы будзеце радаснымі і шчаслівымі ў сэрцы»,
— пісаў ён сваім сябрам.
Як жа ён знайшоў сапраўднае шчасце? Вось некаторыя парады, як весці шчаслівае жыццё:
Жыві толькі для Бога
«Аднавіце Богу самую вялікую, якую магчыма, славу і гонар ад усёй сваёй душы. Калі ў вас ёсць грэх на сумленні, пазбаўцеся ад яго як мага хутчэй з дапамогай добрай споведзі».
Служы іншым
«Ніколі нікога не крыўдзі. Жадай служыць іншым больш за ўсё. Будзь больш патрабавальны да сябе, чым да іншых».
Будзь абачлівы ў сваім асяроддзі
«Не давярай тым, хто не верыць у Бога і не варты Яго волі. Хто не пасаромеецца пакрыўдзіць Бога, хто не аддае Яму належнага, той не пасаромеецца пакрыўдзіць і цябе, нават здрадзіць табе, калі гэта будзе выгадней для яго».
Выдаткоўвай разумна
«Калі не хочаш апынуцца каля разбітага карыта, ніколі не выдаткоўвай больш, чым атрымліваеш. Ты павінен памятаць пра гэта і заўсёды дакладна разлічваць свае сілы».
Будзь пакорлівым
«Менш кажы пра сябе і ніколі не выхваляйся перад іншымі. Той, хто выхваляецца, нават калі ў яго ёсць сапраўдныя заслугі, рызыкуе страціць павагу ў вачах іншых. У таго, хто шукае толькі славы і пахвалы, несумненна, пустая галава, якая сілкуецца толькі ветрам. У яго няма міру ў душы, такі чалавек ненадзейны ў сваіх абавязацельствах».
Нясі свой крыж
«Нясі крыж свой на сваёй спіне, прымі яго такім, які ён ёсць, вялікім ці маленькім, ад сваіх сяброў ці ворагаў, з якога б дрэва ён ні быў зроблены. Самыя разумныя і шчаслівыя людзі — гэта тыя, хто, усведамляючы, што яны асуджаныя пранесці гэты крыж праз усё жыццё, ахвотна і пакорліва прымаюць Бога, які паслаў яго».







