Пошук

19.04.2025 18:15   pinskdiocese.by / Catholic.by

Віншаванні з Вялікаднем кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Узрадуйцеся ўжо, хоры Анёлаў у небе, узрадуйцеся, Божыя слугі,
няхай званы абвяшчаюць збаўленне,
бо на карысць вялікага Валадара перамога»
(Пасхальнае пасланне Exsultet).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Людзі добрай волі!

Штогод у касцёлах мы збіраемся як адна сям’я на святкаванне таямніцы Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Распачынаем літургічную цэлебрацыю пры святле пасхальнага агню, а таксама слухаючы старажытны спеў велікоднага паслання: «Узрадуйцеся!» (Exsultet!). Гэты гімн абвяшчае перамогу Божага Сына над грахом і смерцю. А запаленая адмысловая свечка пасхал — нагадвае пра паўсталага з мёртвых Хрыста, які ёсць альфа і амега, пачатак і заканчэнне ўсяго, якому належыць час і вечнасць, які ёсць нязгасным святлом нашага жыцця і збаўлення (гл. Ап 21, 23; 22, 13).

Сустрэча з таямніцай Пасхі гэта асаблівы дар Божага Провіду, які шчодра адорвае нас пладамі Адкуплення. Пачынаючы з Вялікай Ночы Змёртвыхпаўстання Езуса, для ўсіх людзей запалена нязгасная паходня Божай міласэрнасці, якая асвятляе кожнаму чалавеку шлях да вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве хвалы, жыцця і любові.

Праслаўляем Бога, «які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста, да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай» (1 П 1, 3-4). Будзем жа шчодра чэрпаць з пладоў Змёртвыхпаўстання Божага Сына, каб стаць апосталамі пасхальнай радасці і надзеі для кожнага, каго Пан Бог паставіць на нашым жыццёвым шляху.

З нагоды ўрачыстасці Хрыстовай Пасхі жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі, нязгаснай велікоднай радасці, супакою, надзеі і людской дабразычлівасці. Няхай Бог, бясконцы ў міласэрнасці, няспынна падтрымлівае вас у паспяховай рэалізацыі ўсіх планаў і жыццёвых заданняў. А пасхальная таямніца трыумфу жыцця няхай напоўніць неабходнымі сіламі, здароўем, Божым благаслаўленнем на далейшы плённы шлях на зямлі і шчаслівую вечнасць у Нябесным Валадарстве Змёртвыхпаўсталага Адкупіцеля і Пераможцы.

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

 Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, Вялікдзень 2025 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа