Пошук

26.03.2025 12:44   Catholic.by

Ваша Эксцэленцыя,

мы з вялікай радасцю ўспрынялі вестку аб Вашым прызначэнні Апостальскім нунцыем у Беларусі. Мы лічым выдатным знакам Божага Провіду тое, што навіна аб намінацыі Вашай Эксцэленцыі была абнародавана сёння, ва ўрачыстасць Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Мы з радасцю вітаем Вашае прызначэнне як абвяшчэнне плённага і эфектыўнага служэння, якое Вы будзеце выконваць для дабра нашага мясцовага Касцёла і беларускага народа.

Ад імя духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выказваю сардэчныя віншаванні Вашай Эксцэленцыі з новым высокім прызначэннем і ўзвядзеннем да годнасці арцыбіскупа.

Упэўнены, што багаты дыпламатычны вопыт Вашай Эксцэленцыі, набыты да гэтага часу ў Эквадоры, Тайландзе, Пастаянным прадстаўніцтве Святога Пасаду пры Радзе Еўропы, у Секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржсакратарыята Святога Пасаду а сёння ў Венесуэле, дапаможа Вам найлепшым чынам выконваць новую місію ў Беларусі, якую Пантыфік даручыў Вам падчас Юбілейнага Года хрысціянства.

Даручаю Вашу Эксцэленцыю і Вашу місію Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці нашага Пана і Збаўцы, асабліва шанаванай у Будславе, нацыянальнай святыні Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Няхай святыя і благаслаўлёныя беларускага народа, асабліва мучанікі за веру, падтрымліваюць Вашу Эксцэленцыю ў новай рэчаіснасці Вашага служэння Касцёлу Хрыстоваму.

З глыбокай пашанай перадаю вам братэрскае прывітанне ў Хрысце з надзеяй хуткай сустрэчы на беларускай зямлі.

 Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25.03.2025

Абноўлена 29.03.2025 09:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа