Пошук

19.05.2018 11:53   Catholic.by

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 11 лютага 2018 г. пастанавіла ўнесці літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, у Агульны рымскі каляндар. Дадзены ўспамін адзначаецца ў панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

Фармуляр Імшы:

Фармуляр Імшы пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Касцёла (гл. Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, стар. 1488 – 1489).

Імша цэлебруецца ў літургічным адзенні белага колеру.

Літургія слова:

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ          Быц 3, 9-15. 20
Маці ўсіх жывых

Чытанне кнігі Быцця.

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, таму схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам.
Яно струшчыць табе галаву,
а ты струшчыш яго пяту.

І назваў Адам жонку сваю Евай, бо яна стала маці ўсіх жывых.

Гэта слова Божае.

або:

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ            Дз 1, 12-14
Трывалі ў малітве разам з Марыяй, Маці Езуса

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Езус узнёсся на неба, Апосталы вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема, на адлегласці суботняй дарогі.

І калі ўвайшлі, падняліся ў святліцу, дзе знаходзіліся Пётр і Ян, і Якуб, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфеевы і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Езуса, і з братамі Ягонымі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ       Пс 87 (86), 1-3. 5-6 (Р.: 3)

Рэфрэн: Абвяшчаецца твая хвала, горад Божы.

Умацаванне яго на святых гарах, *
любіць Пан брамы Сіёна
больш за ўсе шатры Якуба. *
Абвяшчаецца твая хвала, горад Божы.

Рэфрэн:

А пра Сіён будуць казаць: Кожны чалавек на ім нарадзіўся, *
і Усемагутны яго ўмацаваў.
Пан напіша ў перапісе народаў:
Гэты там нарадзіўся.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

О шчаслівая Дзева, якая нарадзіла Пана;
о благаслаўлёная Маці Касцёла,
Ты ахоўваеш у нас Духа
Твайго Сына Езуса Хрыста!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.


ЕВАНГЕЛЛЕ             Ян 19, 25-34
Вось сын Твой. Вось Маці Твая

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Стаялі каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа.

Юдэі, паколькі быў дзень прыгатавання Пасхі, каб не заставаліся целы на крыжы ў шабат, бо гэты дзень шабату быў вялікі, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада.

Гэта слова Пана.


Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 01.06.2020 16:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа