9 жніўня
Свята св. Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн), панны і мучаніцы, апякункі Еўропы
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 2, 16b. 17b. 21-22
Заручуся з табою навекі
Чытанне кнігі прарока Осіі.
Так кажа Пан:
Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню
і буду прамаўляць да яе сэрца.
І там заспявае яна,
як у дні маладосці сваёй
і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай.
Я заручуся з табою навекі;
заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі,
у міласці і міласэрнасці.
Заручуся з табою ў вернасці,
і ты пазнаеш Пана.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 45 (44), 11–12. 14–15. 16–17
Рэфрэн: Паглядзі, дачка, і схілі сваё вуха.
- Паглядзі, дачка, паслухай і схілі сваё вуха, * забудзь народ свой і дом твайго айца.
12. Кароль прагне тваёй прыгажосці, *
бо Ён твой Пан, пакланіся Яму.
Рэфрэн:
- Поўная славы выходзіць дачка Караля. *
Адзенне яе вышыта золатам.
15. У вышытым адзенні вядуць яе да Караля. *
За ёю дзяўчаты, сяброўкі яе, уваходзяць да Яго.
Рэфрэн:
- Вядуць іх з радасцю і ў захапленні, *
уваходзяць яны ў каралеўскі палац.
17. Замест айцоў тваіх будуць твае сыны. *
Ты ўстановіш іх валадарамі па ўсёй зямлі.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Гэтая мудрая панна сустрэла Пана ў чуванні,
калі прыйшоў Пан, яна ўвайшла з Ім на вяселле.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 25, 1–13
Вось жаніх, выходзьце яму насустрач
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя.
Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
Гэта слова Пана.