Пошук

01.09.2017 14:38   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

1 чыт.: Ер 20, 7–9; Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 8–9.

2 чыт.: Рым 12, 1–2.

Ев.: Мц 16, 21–27

"Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае".

Дарагія браты і сёстры!

Якім чынам мы можам быць падобнымі да нашага Збаўцы Езуса Хрыста? Чытаючы Евангелле, прыходзім да высновы, што кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб наследваць Хрыста ў сваім жыцці. Гэта наша місія паводле веры. І менавіта ў наследванні Хрыста заключаецца нашае да Яго падабенства.

Нягледзячы на тое, што кожны з нас мае свой уласны жыццёвы шлях, заўсёды наш шлях можна дапасаваць да шляху святасці. Прыклад гэтага – святыя, якія, пачынаючы ад апосталаў і да нашых дзён, адзначаліся вернасцю Хрыстоваму закліку і прайшлі свой жыццёвы шлях падобным чынам, як прайшоў яго сам Езус Хрыстус. Кожны з нас мае свой асабісты і непаўторны шлях да еднасці з Богам, а прыклад жыцця святых можа паўплываць на тое, што наш шлях да еднасці з Богам будзе хутчэйшы і пэўны.

У сённяшнім Евангеллі Хрыстус кожнага з нас заахвочвае наследваць Яго: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною”. Так, як Хрыстус нёс свой крыж, і нам трэба наш уласны крыж браць на свае плечы і следаваць за Ім. Езус не пажадаў збавіць свет нейкім іншым чынам, але спазнаў ганьбу і прыніжэнне крыжа, прыняў цярпенні, знявагі, боль і ўрэшце смерць. Не думайце, што нашае наследванне Хрыста будзе іншым. Бо кожны, хто ідзе за Хрыстом, сустрэне падобныя выпрабаванні: будзе адкінуты светам, высмеяны, замучаны злом і грахом. Але Езус не хоча, каб мы гэтага баяліся. Ён перамог свет, перамог смерць, а значыць, і мы разам з Ім гэта ўсё пераможам.

Святы апостал Павел у другім чытанні, калі кажа пра ахвяру, якую мы складаем, заахвочвае нас, каб мы сваё цела падпарадкавалі духу. “Аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае”. Гэта нялёгкае заданне, і ад нас, напэўна, яно будзе патрабаваць нямала працы над сабою. Каб гэта рэалізаваць, патрэбна Божая ласка і наша трывалая праца.

Падпарадкаванне духу не можа быць нейкім аднаразовым высілкам, але нам трэба пастаянна пра гэта дбаць, бо святасць – гэта справа не аднаго дня, але ўсяго нашага жыцця. Калі хочам быць дасканалымі, то мы не павінны адракацца ад свайго ўласнага крыжа, бо нельга часткова наследваць Хрыста. Калі верым Яму і хочам наследваць, то належыць наследваць Яго поўнасцю і да канца: праз цярплівасць, пакору і штодзённы крыж.

Першае чытанне нам кажа аб незвычайным досведзе прарока Ераміі, які адчуваў палаючы агонь у глыбіні сябе, і гэты агонь прыносіў яму цяжкія пакуты. Кожны чалавек, які ў сваім жыцці знайшоў Бога, хто да Яго наблізіўся і палюбіў Яго ўсім сэрцам, таксама будзе адчуваць, падобна прароку Ераміі, агонь руплівасці і жаданне, каб усе людзі любілі Бога так, як ён. Для людзей, якія наблізіліся да Езуса, якія верна Яго наследуюць, падобны досвед будзе нармальнай з’явай.

Святы Францішак з Асізі вельмі часта, праходзячы па вуліцах горада, усклікаў: “Любоў ніхто не любіць!” Для яго было вельмі цяжка бачыць, як іншыя людзі ігнаруюць Божую любоў. Ён быў гатовы вырваць сваё сэрца з грудзей, аддаць сваё жыццё, каб толькі іншыя людзі звярнулі ўвагу на любячае і міласэрнае сэрца Бога і пачалі адказваць любоўю на любоў.

Чалавек, які любіць Бога, прагне, каб іншыя людзі любілі Бога не менш, чым ён. Адносна духоўнага жыцця Касцёл вучыць: спачатку чалавеку трэба пазбавіцца цяжкіх грахоў, потым адкінуць штодзённыя грахі, каб нарэшце ў сваім жыцці развіваць цноты і добрыя ўчынкі – гэта, у сваю чаргу, прынясе багаты духоўны плён і святасць жыцця кожны дзень.

І яшчэ адна не менш важная рэч у сённяшнім Божым слове, на якую хачу звярнуць увагу: а менавіта вострыя словы Езуса, скіраваныя да апостала Пятра: “Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае”. Здаецца, нядаўна Езус казаў Пятру: “ты скала на якой Я пабудую свой Касцёл”, а зараз кажа, каб адышоў прэч.

Дарагія! Нікому нельга змяняць або спрошчваць евангельскую навуку. Евангелле мае Божую моц, а паколькі мы – вучні Хрыста, то нам трэба, слухаючы Добрую вестку, уваходзіць у Яе таямніцу, у яе звышпрыродную рэчаіснасць. Бо, калі мы будзем трактаваць Евангелле толькі па-чалавечы, то асноўны яго змест згубіць свой сэнс, а для нас яно стане не больш, як правілам хрысціянскага этыкету.

Мэта Евангелля – давесці кожнага з нас да святасці, паяднаць з Богам, навучыць нас адкрыццю Бога ў жыцці, а гэта, у сваю чаргу, значыць заахвоціць нас да наследвання Хрыста, каб мы, слухаючы Евангелле, смела і рашуча ішлі за Хрыстом, следам у след. Калі наследуем Хрыста ў нясенні крыжа, то разам з гэтым наследуем і Яго ўваскрасенне, якое стане нашым удзелам, бо таксама разам з Ім узыдзем на трон хвалы.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Няхай сённяшні заклік Хрыста да наследвання Яго мабілізуе нас, каб мы рашуча і з адвагаю бралі крыж нашых абавязкаў, цярпенняў і праблем штодзённасці і неслі яго разам з Хрыстом. Калі слухаем Божае слова, калі яднаемся з Богам у Эўхарыстыі, наша штодзённасць усё больш і больш перамяняецца, падпарадкоўваючыся евангельскаму прынцыпу жыцця, а гэта значыць, што мы становімся здольнымі ў паўнаце наследваць Хрыста, быць вернымі хрысціянскаму пакліканню. Амэн.

Абноўлена 31.07.2020 23:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.