Пошук

26.06.2021 00:46   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Аздараўленне жанчыны з крывацёкам і ўваскрашэнне дачкі Яіра. Мастак Алена Чаркасава

1 чыт.: Мдр 1, 13–15; 2, 23–24;
Пс 30 (29), 2 і 4. 5–6. 11, 12а і 13b;
2 чыт.: 2 Кар 8, 7. 9. 13–15;
Ев.: Мк 5, 21–43

Нашы гісторыі, пераплеценыя ў адзінай гісторыі збаўлення

Сённяшні евангельскі ўрывак спалучае дзве гісторыі цудоўнага аздараўлення Езусам жанчын. Першая з іх пакутуе ўжо дванаццаць гадоў ад крывацёку і не знайшла дагэтуль ніякага паратунку ў людзей. Другая — дзяўчына, якая прыйшла ў гэты свет больш-менш у той момант, калі першая жанчына пачала хварэць.

У жыцці абедзвюх раней ці пазней наступае момант, калі відавочнай становіцца разбуральная сіла смерці: гэта тое, што насамрэч аб’ядноўвае ўсіх нас, людзей. Але гісторыі гэтых дзвюх жанчын аказаліся звязанымі паміж сабой дзякуючы іншай сіле: аздараўляльнай моцы Езуса — Таго, праз якога пачало існаваць жыццё.

Гэты евангельскі аповед, у якім пераплятаюцца ліха і цудоўнае выратаванне двух людзей — напэўна, нават не знаёмых паміж сабой, — нагадвае нам тое, чаму мы звычайна не надаем асаблівай вагі: наколькі пераплецены і звязаны наш асабісты лёс з гісторыямі іншых асоб мноствам нябачных ніцяў.

У літаратуры і кінематографе нават узнік адмысловы жанр, які ілюструе, як праз дзеянне нейкай дзівоснай сілы жыцці людзей перасякаюцца, сутыкаюцца, уплываюць адно на адно вырашальным чынам (прыкладам таго жанру з’яўляецца знакаміты фільм «Сутыкненне» (Crash) Поля Хагіса).

Чытаючы сённяшні евангельскі ўрывак, можна задацца пытаннем, ці затрымка па дарозе з прычыны таго, што робіць жанчына з крывацёкам, не стала прычынай смерці дачкі Яіра. Ведаючы фінал усёй гісторыі, такое пытанне можа здавацца неістотным, але калі знаходзімся ў гушчы падзей, падобныя думкі надта ўплываюць на наша бачанне сітуацыі — як, вельмі верагодна, гэта было для Яіра.

Касцёл — «палявы шпіталь»

Сутнасць Касцёла — гэта таямніца такога перапляцення чалавечых лёсаў, у кожным з якіх па-свойму праяўляецца ліха і надзея на паратунак. Папа Францішак часта ўжывае вобраз «палявога шпіталя» адносна Касцёла: гэта месца, дзе людзі шукаюць і маюць права знайсці аздараўленне і збаўленне (варта памятаць, што грэчаскі дзеяслоў σώζω, перакладзены ў сённяшнім урыўку і «выздаравець», і «ўратаваць», мае таксама значэнне «збавіць»).

Нас аб’ядноўвае ў Касцёле не проста нейкае прыгожае жаданне крыху палепшыць сваё жыццё (нібыта без прыналежнасці да Божага народа мы і так знайшлі б спосаб пражыць).

Нас лучыць наша радыкальная патрэба ў тым, каб быць аздароўленымі ад хваробаў цела і душы, быць выратаванымі і збаўленымі ад смяротнай пагрозы для жыцця духоўнага і фізічнага.

Памятаючы пра гэтую ісціну і ўсведамляючы, што ў канчатковым рахунку нам не дапамогуць ні лекары, ані Закон, зусім інакш будзем ставіцца і да саміх сябе, і да бліжніх, якія аказваюцца побач у пошуку надзеі. Як жа шмат спрэчак і непатрэбных дзеянняў можна было б пазбегнуць у Касцёле, калі б мы трымаліся нашай галоўнай мэты — пошуку збаўлення, у якім маем патрэбу адно ў адным!

Дотык веры

«Вера твая ўратавала цябе!» — кажа Езус аздароўленай жанчыне, а да Яіра, бацькі памерлай дзяўчыны, звяртаецца: «Не бойся, толькі вер!»

Вера — той «рэсурс» унутры чалавека, які дазваляе Богу здзейсніць цуды.

Гаворка, канешне, не пра «чароўную палачку», пры дапамозе якой нібыта можна кіраваць звышнатуральнымі сіламі. Вера пачынаецца там, дзе чалавек усведамляе, што ягоны ўласны праект жыцця, ягоныя мары і чаканні разбураюцца — але ў выніку ў яго з’яўляецца магчымасць прыняць дапамогу Кагосьці мацнейшага і адкрыцца на іншую мару, прыгажэйшую за любое чалавечае ўяўленне. Такім чынам хвароба ці іншая жыццёвая трагедыя можа стаць пачаткам новай прыгоды для чалавека: праз веру — гэта значыць давер Богу ўсіх сфераў свайго жыцця ў асабістай сустрэчы з Ім.

Мы верым, што Пан ніколі не жадае цярпення для сваіх дзяцей, але калі дапускае хваробу ў жыцці чалавека, адначасова рыхтуе для яго вялікі дар. Ніводнае жыццё не можа пазбегнуць пэўнай долі цярпення, у святле ж нашай веры ў Езуса, які цярпеў, памёр і уваскрос, кожная хвароба і кожны боль — гэта сродак, каб імкнуцца ў першую чаргу да духоўнага дару.

Так, як для хворых у Евангеллі, таксама і для нас хвароба, крохкасць можа стаць нагодай да ўнікальнай асабістай сустрэчы з міласэрным позіркам і дотыкам Езуса.

У нашым евангельскім урыўку, які варта духоўна сузіраць, углядаючыся пры дапамозе ўяўлення ў дэталі сцэны, дотык займае ключавое месца. Менавіта прыз выцягнутую руку жанчыны «моц выходзіць з Езуса» і спыняе яе крывацёк. Гэты дотык, поўны веры, радыкальна адрозніваецца ад тых безасабовых дотыкаў натоўпу, які ціснуўся вакол Настаўніка.

У доме Яіра адбываецца наадварот: сам Пан дакранаецца да рукі дзяўчыны і вяртае ёй жыццё. У абодвух выпадках адбываецца кантакт Езуса з «нячыстым»: паводле Закону, жанчына з крывацёкам была нячыстай і тыя, хто да яе дакраналіся, станавіліся нячыстымі. Тое самае датычылася і кантакту з мёртвым целам.

Для Езуса наша нячыстасць, тое, што выклікае ў нас сорам — не перашкода.

Ён ведае, што менавіта ў гэтых месцах, якія мы імкнемся хаваць ад іншых і нават ад саміх сябе, насамрэч маем найбольшую патрэбу ў чулым і пяшчотным дотыку, які дае новае жыццё і надзею.

Сёння Пан дае нам шанц адкрыцца Яго гаючаму дотыку або і самім адважыцца дакрануцца да Яго. Атрымліваючы аздараўленне нашых ран праз гэты пяшчотны кантакт, мы самі робімся здольнымі выйсці насустрач тым, хто ў сваёй крохкасці мае патрэбу адчуць цеплыню нашай пяшчоты і ўвагі. Няхай моц Божая такім чынам дзейнічае ў нашым жыцці. Амэн.

Абноўлена 10.07.2021 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця