ПАВЕДАМЛЕННЕ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ БЕЛАРУСІ НА СВЯТА СВЯТОЙ СЯМ'І
Умілаваныя ў Хрысце Пану!
Дзевяць месяцаў таму ў пастырскім пасланні перад урачыстасцю Звеставання Пана мы заахвочвалі вас да малітвы ў інтэнцыі зачатага жыцця, якая ў нашай краіне на працягу многіх гадоў выражаецца ў выглядзе «Духоўнага ўсынаўлення». Такім чынам мы хацелі нагадаць, чым з’яўляецца чалавечае жыццё і наколькі яно можа знаходзіцца пад пагрозай.
Сёння, у свята Святой Сям’і, калі мы ўглядаемся ў Езуса, які расце пад чуйнай апекай сваіх бацькоў — Марыі і Юзафа, — мы жадаем падвесці своеасаблівыя вынікі той формы малітвы, якой стала «Духоўнае ўсынаўленне».
Жадаем таксама з моцай падкрэсліць, што Касцёл на Беларусі моліцца за зачатых дзяцей, якіх маці носяць пад сваім сэрцам.
Вернікі не праігнаравалі нашай просьбы і адгукнуліся на заклікі ахвотна распачаць малітву за ненароджанае зачатае жыццё.
Але сёння варта таксама ўзгадаць, што на наш заклік адгукнуліся не толькі каталіцкія вернікі, але і асобы, якія належаць да іншых канфесій, а таксама шматлікія людзі добрай волі, неабыякавыя да чалавечага жыцця.
Кожная парафія Касцёла на Беларусі малілася ў гэтых інтэнцыях. Сёння надышоў час падзякаваць усім за гэтую малітву і адначасова папрасіць не спыняцца. ХХІ стагоддзе — гэта час імклівага развіцця шматлікіх напрамкаў нашага грамадства. Але нам нельга забывацца пра тое, што цяпер прапануюцца некаторыя рашэнні, якія пагражаюць чалавечаму жыццю.
Будзьце чуйныя, як чувалі Марыя і Юзаф, калі Ірад пагражаў жыццю Пана Езуса.
Шукайце магчымасці абараніць чалавечае жыццё, як Марыя і Юзаф, якія прызналі, што адзінай магчымасцю абароны жыцця Езуса з’яўляюцца ўцёкі ад мяча Ірада.
Няхай ва ўсіх гэтых стараннях і ініцыятывах вам спадарожнічае нашае пастырскае благаслаўленне, якое ад усяго сэрца вам удзяляем.
Каталіцкія біскупы Беларусі
Мінск, 26 снежня 2018 г.
Паведамленне належыць абвясціць ва ўсіх касцёлах Беларусі ў нядзелю Святой Сям’і 30 снежня 2018 г.
Версія для друку (на беларускай і польскай мовах) ТУТ >>>