Пошук

05.04.2018 15:00   Catholic.by

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы,

умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!

Сёлетні «Дзень святасці жыцця», які звычайна адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, папярэджаны нядзеляй Божай Міласэрнасці. Мы запрошаныя разам з апосталам Тамашом, каб дакрануцца да ўваскрослага Цела Езуса Хрыста. Сёння разам з Тамашом мы знаходзімся ў вячэрніку, бо, магчыма, нас таксама турбуюць падобныя думкі і сумненні: «А што, калі гэта няпраўда, што Ён уваскрос? А што, калі апавяданні пра жывога Езуса з’яўляюцца толькі звычайным суцяшэннем?»

Усяго гэтага мы баімся, таму ўваходзім у вячэрнік, маючы надзею, што ў ім адбудзецца нешта важнае, нешта, што назаўсёды пераменіць нашае жыццё.

Заахвочаныя тэкстам Евангелля паводле св. Яна, мы займаем месца сярод апосталаў, спадзеючыся, што Езус не пакіне нас з нашымі сумненнямі. Менавіта таму Езус прыходзіць, бо нас не было сярод тых, хто бачыў пустую магілу, не было нас сярод тых, хто бачыў Яго жывога. Толькі гэтая сустрэча, ня гледзячы на замкнёныя дзверы, дазваляе нам паверыць і паўтарыць за Тамашом: «Пан мой і Бог мой». Без боязі можам даверыцца Божай Міласэрнасці, шэптам паўтараючы словы: «Езу, давяраю Табе».

Нядзеля Божай Міласэрнасці, якая сёння адзначаецца ва ўсім Касцёле, была ўстаноўлена св. Янам Паўлам ІІ у 2000 годзе. Гэтага хацеў Пан Езус, калі аб’яўляўся св. сястры Фаустыне ў польскім горадзе Плоцку ў 1931 годзе (пар. „Божая Міласэрнасць у маёй душы“. Дзённік св. Фаўстыны Кавальскай, 49. — Далей: Дз). Уваскрослы Езус скажа св. Фаустыне: «Няхай не баіцца наблізіцца да Мяне слабая грэшная душа, — кажа Бог, — нават калі б у яе было больш грахоў, чым пяску на зямлі, усё гэта патоне ў бяздонні Маёй міласэрнасці» (пар. Дз. 1059).

Асноўнай умовай адкрыцця перад Богам з’яўляецца давер. Чым больш душа даверыцца, тым больш атрымае. Адсюль нараджаецца міласэрнасць адносна бліжніх праз учынак, слова і малітву (пар. Дз. 742).

Абраз Езуса Міласэрнага — гэта знак для нас. На ім уваскрослы Езус становіцца перад намі, як перад Тамашом у Вячэрніку, адкрывае свой бок і кажа: «Нельга пайсці на смерць за кагосьці, каго не любіш. Дакраніся да маіх ранаў — гэта плата за тваё збаўленне! І не будзь няверуючым, але веруючым!»

Гэтае пасланне Божай Міласэрнасці асаблівым чынам скіравана да чалавека, абцяжаранага балючым вопытам граху. А сёння, калі нашы думкі скіраваны на заўтрашні «Дзень святасці жыцця», мы засяроджваемся — асабліва на грахах, якія датычацца адкідання каштоўнасці жыцця ад яго пачатку ажно да натуральнай смерці. Святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae піша: «Усе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі паасобна, але таксама як супольнасць, закладаючы неад’емную павагу да чалавечага жыцця ў падмурак новага грамадства» (EV. ІІІ, 77).

Таму ўжо 23-і раз ва ўсім свеце Каталіцкі Касцёл ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначае «Дзень святасці жыцця» і такім чынам нагадвае пра наш абавязак праяўляць ініцыятывы і клопат пра фундамент грамадства, якім з’яўляецца пашана да чалавечага жыцця.

Канешне, Касцёл у сваім навучанні ўказвае на шматлікія формы клопату аб жыцці чалавека. Маюцца на ўвазе як словы, так і дзеянні. Кожны з нас заахвочаны да таго, каб радыкальна і адважна абвяшчаць праўду пра святасць жыцця як падчас Літургіі, так і падчас катэхезы і ў асабістым дыялогу. Вельмі важна, каб у служэнне дзеля абароны жыцця ўключыць таксама сродкі масавай камунікацыі, дзякуючы якім змест, што паказвае каштоўнасць чалавечага жыцця, будзе дасягаць як мага большай колькасці адрасатаў.

Нельга забываць і пра тое, каб у малітве, як асабістай, так і супольнай, дзякаваць Богу за дар жыцця і прасіць аб сіле для яго захавання ўсімі грамадствамі.

Касцёл заахвочвае вернікаў і ўсіх людзей добрай волі таксама да іншых формаў дзейснай паставы адносна жыцця. Асаблівую ўвагу ён звяртае на адказнае бацькоўства. Рэалізацыяй гэтай адказнасці з’яўляецца прыстасаванне і распаўсюджванне натуральных метадаў зачацця. Такім чынам сужэнцы вучацца адказнасці за кожны акт, скіраваны на нараджэнне патомства.

Іншай формай клопату пра жыццё з’яўляецца выхаванне дзяцей і моладзі. Тут маецца на ўвазе як бацькоўскае выхаванне дома, так і выхаваўчыя праграмы ў школах і іншых асяродках публічнай адукацыі. Асаблівай увагі заслугоўвае выхаванне ў моладзі пашаны да чалавечага цела. Сёння палітыка многіх дзяржаў накіравана на спажывецтва і матэрыялізм.

Прапагандаваная ідэалогія гендару, сексуальная адукацыя ў школах, якую разумеюць як інструментальную падрыхтоўку да палавых актаў, распаўсюджванне кантрацэптыўных і раннеабартыўных сродкаў альбо, урэшце, прапаганда абортаў як сродкаў для свабоды жанчыны, сталі рэальнай небяспекай тут і цяпер.

Усё гэта адбываецца вакол нас. Гэтая нездаровая прапаганда закранула таксама нашых дзяцей і нашую моладзь. Таму вельмі важна, каб выхаванне моладзі ў бацькоўскім доме, у школе, падчас катэхетычных заняткаў было скіравана на чыстасць, службу любові, бо яны з’яўляюцца падмуркам, на якім будуюцца трывалае сужэнства і сям’я.

Разважаючы над ініцыятывамі Каталіцкага Касцёла ў службе абароны годнасці чалавечага жыцця, нельга не звярнуць увагу на намаганні розных супольнасцяў і груп у падтрымку сям’і, што існуюць у нашай краіне. Іхняя малітва, дзейнасць па арганізацыі сімпозіумаў, канферэнцый, арганізаваных формаў навучання, пілігрымак, публікацый уносяць велізарны ўклад у прапаганду каштоўнасцяў чалавечага жыцця.

Ёсць яшчэ адна ініцыятыва, якой сёння мы прысвячаем асаблівую ўвагу: «Духоўнае ўсынаўленне». Дзякуючы сістэматычнай малітве многія маці, якія маюць сумненні адносна нараджэння зачатага дзіцяці, прынялі рашэнне нарадзіць яго.

Гэтая акцыя становіцца вельмі дзейсным спосабам дапамогі жыццю зачатых дзяцей, нараджэнне якіх знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы. Штогод ва ўрачыстасць Звеставання Пана, а сёлета таксама і сёння, у нядзелю Божай Міласэрнасці, мы распачынаем публічнае прыняцце абавязку гэтай формы змагання за годнасць і святасць чалавечага жыцця.

Кожны раз гэтая акцыя працягваецца дзевяць месяцаў. Чым жа насамрэч з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне»? Гэта абяцанне, дадзенае Богу, зместам якога ёсць малітоўнае абавязацельства, прынятае ў інтэнцыі ратавання жыцця дзіцяці, якому пагражае небяспека ва ўлонні маці, імя якога вядомае толькі Богу.

Сутнасцю «Духоўнага ўсынаўлення» з’ўляецца штодзённая малітва ў інтэнцыі гэтага дзіцяці і яго бацькоў, адна з таямніцаў святога Ружанца, а таксама дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі, такія як святая Камунія, пост, актыўная падтрымка спраў дабрачыннасці.

Сёння, напярэдадні «Дня святасці жыцця», мы заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і кансэкраваных асобаў. Ваша пастава і прыклад з’яўляюцца ўказальнікам для вернікаў, якія шукаюць аўтарытэту на дарозе веры. Заахвочваем усіх веруючых і людзей добрай волі да велікадушнага прыняцця «Духоўнага ўсынаўлення» як формы малітвы за жыццё дзіцяці, якое знаходзіцца ў небяспецы пад сэрцам маці.

Трэба з усёй моцай чарговы раз паўтарыць, што «чалавечае жыццё ад зачацця да яго натуральнага заканчэння мае годнасць, якая робіць яго непарушным». Пра гэта да ўдзельнікаў пленарнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння 26 студзеня 2018 прамовіў папа Францішак.

Папа такім чынам нагадаў пра фундаментальнае заданне Касцёла. Няхай гэты дзень будзе таксама нагодай, каб, узгадваючы таямніцу Уцелаўлення Божага Сына, падзякаваць Пану Богу за дар уласнага жыцця, перапрасіць за ўсе ўчынкі, скіраваныя супраць жыцця, а таксама ўзнесці малітвы аб пашане да чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

На справу малітвы і рэлігійных практык, прынятых дзеля абароны і пашаны да чалавечага жыцця, шчыра благаслаўляем.

Мінск, 25.02.2018 г.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка
Старшыня Рады па справах Сям’і
пры ККББ

Гэтае пасланне трэба прачытаць у Нядзелю Божай Міласэрнасці (08.04.2018 г.) падчас кожнай св. Імшы з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.

Абноўлена 07.04.2018 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа