Пошук

08.07.2019 12:49   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

Алтар з іконай Маці Божай Будслаўскай, каля 1646–1649 гг.

5 ліпеня 2319 пілігрымаў пешкі і на роварах прыбылі ў Нацыянальны санктуарый у Будславе, каб прыняць удзел у штогадовай урачыстасці ў гонар Маці Божай.

Сёння кожны вернік лёгка можа знайсці дарогу ў Будслаў, каб узяць удзел у фэсце, які з’яўляецца прызнанай ЮНЕСКА часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сучасныя тэхнічныя сродкі падкажуць геаграфічнае знаходжанне Будслава, пададуць расклад грамадскага транспарту, пракладуць аўтамабільны маршрут.

Рака Сэрвач у ваколіцах Будслава. Фота Віталія Палінеўскага

Аднак такая магчымасць у вернікаў была не заўсёды. Пасля з’яўлення ў XVII ст. сярод пушчы на берагах ракі Сэрвач цудадзейнага абраза Маці Божай, навіна аб Яе ласках вернікам распаўсюдзілася па ўсёй беларускай зямлі і за яе межамі. Людзі хацелі звярнуцца з малітвамі да Маці Божай у месцы, якое Яна сама выбрала.

Але як было знайсці сярод балотаў і запаветных лясоў тое маленькае паселішча Буда, заснаванае манахамі бэрнардынамі, куды нават і дарогі тады не было?

Першая карта, на якой упершыню былі падрабязна пазначаны населенныя пункты на беларускіх землях, убачыла свет у 1613 г. На ёй можна было знайсці раку Сэрвач і населеныя пункты Сэрвач і Даўгінава. Паселішча бэрнардынаў пазначана на карце не было. Пілігрымам даводзілася разлічваць толькі на дапамогу Бога і сустрэчных людзей.

Карта ВКЛ Тамаша Макоўскага, 1613 г.

У сярэдзіне 1650 г. прэлатам будслаўскага бэрнардынскага кляштара Элеўтэрам Зеляевічам у Вільні на польскай мове была апублікавана кніга пад барочнай назвай «Задыяк на зямлі нябесны, або Будская пушча ласкамі Божымі агорнутая, якія людзі адчуваюць пры цудоўным абразе Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў касцёле айцоў бэрнардынаў». Адна з частак гэтай кнігі была прысвечана цудам абраза Маці Божай з галоўнага алтара касцёла ў Будславе, якія адбываліся з 1617–1650 гг.

Аднак кніга Элеўтэра Зеляевіча мае і іншыя цікавыя сюжэты з гісторыі фарміравання і жыцця санктуарыя ў Будславе.

Напрыклад, у ёй былі апублікаваныя першыя ў гісторыі прыродна-геаграфічныя дадзеныя пра Будслаў.

Тытульны ліст кнігі бэрнардына Элеўтэра Зеляевіча «Задыяк на зямлі нябесны...»

Аўтар кнігі папярэджвае пілігрымаў аб непраходных дзікіх месцах, у якія амаль не ступала нага чалавека: «Дзе перад гэтым у глухіх лясах і глыбокіх рэках драпежныя мядзведзі, ваўкі і іншая дзікая нечысць сялілася, там узнік касцёл Пана; дзе чуваць рык страшных звяроў і енк савы, там пры тым бедным касцёле аздараўляюцца слабыя, храмыя, эпілептыкі, нямыя, з калтунамі, юродзівыя, удараныя маланкай, вязні і іншыя пакутнікі».

Элеўтэр Зеляевіч таксама падаў і першыя геаграфічныя каардынаты месцазнаходжання касцёла ў Будславе: 2 мілі ад Крывічоў, 3 мілі ад Ваўкалаты, 2 мілі ад Параф’янава, 2 мілі ад Даўгінава.

Аўтар пералічыў усе касцёлы і населеныя пункты, якія ўваходзілі ў Даўгінаўскі дэканат. Менавіта да яго тэрытарыяльна належаў касцёл у Будслаўскай пушчы. Пілігрымы маглі спыніцца ў іх на начлег. Элеўтэр Зеляевіч адзначыў і асаблівасць дарогі ў Будслаў: неабходна было пераехаць мноства мастоў.

Будслаў і ваколіцы на гравюры ў кнізе Элеўтэра Зеляевіча

Для таго, каб пілігрымам было лягчэй арыентавацца на мясцовасці, аўтар размясціў гравюру ў кнізе. Яна стала не толькі падабенствам карты для падарожнікаў, але і першым малюнкам каменнага касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаванага ў Будславе ў 1643 г.

Кніга Элеўтэра Зеляевіча дапамагала цэлым пакаленням вернікаў у няпростым, але поўным надзеі і веры вандраванні да святыні.

З года на год у Будслаў стала прыбываць усё больш пілігрымаў. Паселішча паступова ператварылася ў мястэчка, якое, нарэшце, пачалі наносіць на карты.

Будслаўскі касцёл на карце бэрнардынскіх кляштараў Гірша Ляйбовіча, 2-я палова XVIII стагоддзя.

...І вось ужо не адно стагоддзе пілігрымы зноў і зноў імкнуцца ў Будслаў, каб укленчыць перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, просячы Яе памятаць пра іх у сваім матчыным сэрцы.

Фота: oldenringen.livejournal.com

Абноўлена 08.07.2019 13:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа