Пошук

11.02.2026 09:55   Тэкст: кс. Аляксандр Канановіч / Фота: Аляксандра Ечанка / Catholic.by

Урачыстая святая Імша ў першы дзень развітання з біскупам Казімірам адбылася ўвечары 10 лютага. Духавенства Гомельскай вобласці разам з католікамі Гомеля і прадстаўнікамі з парафій Гомельскай вобласці сабраліся разам на супольную малітву. Прыбыў таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Канановіч прамовіў уступнае слова, у якім між іншым адзначыў:

«Наш біскуп Казімір быў светачам у Гомельскай вобласці, які цяплом сваёй малітвы саграваў сэрцы святароў і вернікаў Гомельшчыны. Яго мудрасць, мужнасць, духоўнасць, адданасць і вернасць Богу былі каштоўнымі дарамі для Пінскай дыяцэзіі і ўсёй нашай краіны» .

Падчас святой Імшы гамілію прамовіў біскуп Юрый, які прадставіў розныя гады жыцця біскупа Казіміра, узгадаў яго розныя адметнасці, якія вартыя наследавання. Між іншым, іерарх успомніў пра размовы і сустрэчы, разважлівасць і пабожнасць, сумесныя падарожжы, якія былі насычаныя малітвай, і пра моцны запал у выкананні сваіх абавязкаў. Біскуп Юрый, абапіраючыся на тэксты Святога Пісання, узмацніў у сэрцах прысутных веру ва ўваскрашэнне і жыццё вечнае.

На заканчэнне Імшы ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, які быў галоўным цэлебрантам, выказаў словы ўдзячнасці мясцовым уладам за дапамогу ў арганізацыі развітання са спачылым біскупам Казімірам. Затым іерарх з Пінска падзяліўся сваімі ўспамінамі пра біскупа Казіміра, сягаючы да 1978 года, калі яны пазнаёміліся.

Пастыр Пінскай дыяцэзіі ў цёплых словах шчыра дзякаваў біскупу Казіміру за яго адданае служэнне, за аднаўленне шматлікіх парафій і касцёлаў у Пінскай дыяцэзіі.

На заканчэнне біскуп Антоні звярнуўся з малітвай да Бога аб Яго міласэрнасці для біскупа Казіміра і радасці жыцця вечнага для яго ў Нябесным Валадарстве.

Пасля Эўхарыстыі чуванне пры труне працягнулася. Вернікі па-людску сумавалі, былі бачныя слёзы ў вачах прысутных. Падыходзячы да труны, удзельнікі пахавальнай цэлебрацыі станавіліся на калені, цалавалі стулу і з верай ў сэрцах маліліся за аб вечным супакоі для біскупа Казіміра «сярод святых і збаўленых у Доме Нябеснага Айца».

Абноўлена 11.02.2026 10:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця