У свята Святой Сям’і прапануем вам разважанне амерыканскага тэолага і бацькі сямёх дзяцей Тода Альялора (Todd Aglialoro) на тэму адносінаў мужа і жонкі.
Вельмі часта Біблія заклікае жонак «падпарадкоўвацца» сваім мужам. Св. апостал Павел выкарыстоўвае гэты заклік некалькі разоў у сваіх Пасланнях:
«Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — Галава Касцёла. Ён — Збаўца цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца ва ўсім мужам (пар. Эф 5, 22–24)».
Гэты заклік таксама неаднойчы паўтараецца ў іншых Пасланнях Новага Запавету, напрыклад у Пасланні св. Апостала Паўла да Каласянаў і да Ціта (гл. Клс 3, 18; Ціт 2, 5). Некаторых сучасных чытачоў такія заклікі могуць схіліць да думкі, што гэта дае мужчынам права панаваць над сваімі жонкамі як над прыслугаю і нават горш.
Але ёсць іншая, больш дакладная інтэрпрэтацыя гэтых словаў.
Мы можам параўнаць адносіны паміж мужам і жонкай з адносінамі паміж Хрыстом і Касцёлам.
Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту так, як цела падпарадкоўваецца галаве. Хрысціянская традыцыя надае гэтым словам вельмі важнае значэнне і прыпісвае менавіта мужу галоўную ролю ў сужэнстве.
Св. Ян Залатавусны пісаў пра хрысціянскае сужэнства менавіта так: «Падобна да таго, як, калі генералы арміі знаходзяцца ў згодзе паміж сабою, то ўсе рэчы знаходзяцца ў належным падпарадкаванні; а з другога боку, калі яны варагуюць, то ўсё перавернута дагары нагамі, я кажу, што так гэта таксама і тут [у сужэнстве]».
У гэтым разуменні падпарадкаванне азначае ўпарадкаванне функцый і паўнамоцтваў, што дазваляе сужэнству функцыяваць належным чынам, гэтак жа, як аналагічны парадак унутры нас дазваляе нармальна функцыяваць нашаму целу. Св. апостал Павел развівае гэтую тэму ў дачыненні да ўсяго Касцёла ў Першым пасланні да карынцянаў (гл. 1 Кар 12, 12–31).
Чытаючы Пасланне св. апостала Паўла да Эфесцаў (гл. Эф 5, 25–29), немагчыма не звярнуць ўвагі на заклік, у якім сказана: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго (пар. Эф 5, 25)».
Гэта азначае, што муж павінен аддаваць жонцы самога сябе, «падтрымліваючы і галубячы яе», так, як і Хрыстус аддаў сваё жыццё дзеля Касцёла і працягвае любіць і будаваць яго. І гэта насамрэч нясе з сабою больш складаны і ахвярны абавязак, чым прадпісанне для жонак.
Гэты абавязак павінен выключыць ўсялякае ўяўленне пра тое, што Біблія загадвае жонкам быць паслухмянымі і падпарадкаванымі мужам, калі тыя будуюць аўтарытарныя ўзаемаадносіны. Мужы могуць мець уладу ў сужэнстве толькі на ўзор улады Хрыста над Касцёлам і ў святле таго прынцыпу, што часткі цела служаць розным мэтам, але з’яўляюцца адным целам. Таксама і ўлада ў сям’і павінна быць упарадкавана згодна з прынцыпам любові і самаахвярнасці Хрыста.
Св. Апостал Павел у Пасланні да Эфесцаў заклікае: «Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай» (пар. Эф 5, 21), праводзячы аналогію паміж шлюбам і адносінамі паміж Хрыстом і Яго Касцёлам.
Св. Ян Павел II інтэрпрэтуе гэтыя словы ў кантэксце «ўзаемнага падпарадкавання»: гэта не азначае, што адзін з сужонкаў павінен быць ніжэй за другога, але наадварот, абодва павінны стаяць на адным узроўні ўзаемапавагі і ўзаемнай любові адзін да аднаго, якія яны абавязаны практыкаваць у сужэнстве.
Св. Ян Павел II у Апостальскім пасланнні Mulieris Dignitatem («Годнасць жанчыны», 1988 г.) спасылаецца менавіта на гэтыя словы: «Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай (пар. Эф 5, 21)». І гэта сапраўды так, бо муж называецца «галавою» сваёй жонкі, як Хрыстус «Галавою» Касцёла; і муж павінен быць гатовы «аддаць сябе за яе», адмовіўшыся нават ад свайго жыцця, падобна як Хрыстус зрабіў гэта дзеля свайго Касцёла (пар. Эф 5, 25–26).
Калі ж не браць пад увагу глыбокі сэнс узаемасувязі паміж Хрыстом і Касцёлам, то можна трактаваць усё так, што мужчына пераўзыходзіць жанчыну і мае права на аўтарытарныя паўнамоцтвы над сваёй жонкай.
Але ж неабходна памятаць, што Хрыстус — гэта муж, а Касцёл — гэта жонка і паміж імі ёсць узаемная любоў і ўзаемапавага.