Сёння мы завяршаем нашыя Адвэнтавыя рэкалекцыі. У іх мы разважалі аб гэтым годзе, які падыходзіць да заканчэння, і пачалі глядзець наперад, у Новы год, які ўжо стаіць на парозе.
Мы стараліся заўважыць прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, Яго сяброўства з намі, Яго прабыванне сярод нас.
Мы шырока адчынілі дзверы сэрцаў і розуму — дзверы ў нашую асабовасць, — каб наблізіцца да Слова, прывітаць у святле, сузіраць блізкасць Стварыцеля і сагрэцца ў прысутнасці Хрыста, які прыйшоў на свет дзве тысячы гадоў таму, які прыйдзе зноў і нейкім асаблівым чынам у свята Божага Нараджэння.
Штогод у калядны час мы больш-менш старанна падводзім вынікі мінулага года: з чаго пачаўся год? Дзе я цяпер знаходжуся? Чаго я дасягнуў? Што ўдалося, а што — не? Як бы я хацеў пражыць наступны год?
У Пралозе да Евангелля Ян дапамагае нам падрыхтавацца да новага пачатку, змяшчаючы нашую жыццёвую гісторыю не толькі ў мінулым годзе, але ў нашмат шырэйшай касмічнай гісторыі Логаса — Слова, якое сталася целам.
Ян запэўнівае нас у тым, што Бог заўсёды з намі. Слова вечнае. «Пачатак» ёсць канцом.
Бог суправаджае нас на кожным кроку нашага лёсу аж да дзвярэй смерці і далей за іх…
Адкрываючы нам, кім ёсць Езус і адкуль Ён прыйшоў, Ян дапамагае нам спасцігнуць, як мы рухаемся наперад, благаслаўлёныя Айцоўскай адданай любоўю, якая вылілася на нас праз Яго Сына.
І вось, на развітанне з Адвэнтавым падарожжам, якое мы прайшлі ў гэтых рэкалекцыях, узгадаем для сябе найбольш яркія моманты, а таксама цёплыя або складаныя… Яшчэ раз агледзім падарункі, якія Ян Евангеліст пакідае нам…
Наблізімся да ясляў і ўбачым і паверым, што ўсё ж такі зноў немагчымае стала магчымым — Бог становіцца чалавекам і ўваходзіць у кожны аспект нашага жыцця і ўсяго свету.
…Размаўляючы пра стайню, дзе хаваліся Тырыён (апошні кароль Нарніі) і яго паплечнікі, лорд Дыгары завўважае, што «ўнутры яна большая, чым звонку».
«Так, — адказала каралева Люсі. — У нашым свеце таксама была аднойчы такая стайня, дзе ўнутры было штосьці большае, чым увесь наш свет».
Клайв Стэйплз Льюіс, «Апошняя бітва»
Памятайце пра гэта, падыходзячы ўсё бліжэй да Бетлеемскай стайні, і рабіце так, як раіў святы Ігнацый:
«Ідзіце і запаліце ўвесь свет».
Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by