Пошук

22.12.2018 14:04   Пераклад і адаптацыя: Вераніка Грушэўская / Catholic.by
Danny Hahlbohm, inspired-art.com

Бог жадае, каб мы заставаліся ў Ягонай няспыннай і безумоўнай любові. Ці верыце вы ў гэта?

Супакой

Заплюшчыце вочы і на працягу некалькіх імгненняў паспрабуйце ўвайсці ў цішыню. Вы тут, каб упусціць новае святло ў сваё жыццё. Папрасіце аб здольнасці зразумець свае патаемныя жаданні.

Пане, Ты сказаў, што Ты — святло свету, «дарога, праўда і жыццё». Дапамажы мне ў гэты Адвэнт адкрыць шлях да навізны святла, да Цябе.

Божае Слова

Ян 1, 17–18

З паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў.

Разважанне

Напрыканцы Пралога, які ўводзіць нас у Евангелле, Ян нагадвае нам пра сэнс таго, што будзе адбывацца ў наступных частках: хто такі Езус і адкуль Ён прыйшоў. Ян амаль наўпрост кажа нам, што, калі мы правільна зразумеем ГЭТА, перш чым ісці далей, усё астатняе само стане на свае месцы.

Ян упершыню называе Езуса па імені: «ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста». Так пачынае раскрывацца сутнасць нашай хрысціянскай гісторыі.

Ян яшчэ раз пераносіць нашае разуменне Езуса ў пачатак часоў. Кім, на маю думку, з’яўляецца Дзіцё, якое вось-вось павінна нарадзіцца зноў: нарадзіцца для мяне… для свету? Якая Яго роля для мяне… для усяго стварэння? Хто такі Езус, «Альфа і Амега»? (пар. Ап 22, 13), які ёсць «той самы ўчора, сёння і навекі» (пар. Гбр 13, 8). Паразважайце над гэтай неверагоднай, велізарнай праўдай. Што прыходзіць на розум? Як гэтая праўда паўплывае на тое, што вы будзеце рабіць пасля заканчэння Адвэнту? Як яна вызначае мэту і кірунак вашага жыцця?

Danny Hahlbohm, inspired-art.com

Калі Ян, нарэшце, называе Езуса па імені, ён робіць гэта ў кантэксце закона: «Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста». Кажучы гэта, Ян не прыніжае важнасці запаведзяў; хутчэй, ён падкрэслівае, што закон можна інтэрпрэтаваць толькі ў кантэксце адносінаў з Богам. Закон Бога… Касцёла… усё гэта мае сэнс толькі тады, калі мы разглядаем Закон у святле безумоўнай любові Езуса.

Гэтыя словы нагадваюць нам пра пытанне багатага юнака ў сінаптычных Евангеллях (ад Мацвея, Марка і Лукі): «Што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Езус адказвае, што захоўваць закон таксама важна, але юнак упускае галоўны кампанент — жывую веру ў Езуса.

Паразважайце аб ролі нормаў і правілаў, дактрын і запаведзяў у сваім жыцці. Ці вы не перабольшваеце каштоўнасць адчувальнай бяспекі, якую яны даюць? Магчыма, лягчэй пражыць сваё жыццё ў паслухмянасці законам? У чым, на ваш погляд, хаваецца рызыка, калі паставіць жывыя адносіны з Езусам вышэй за падпарадкаванне правілам?

Папа Францішак часта кажа пра тое, як важна пачаць працэс і ўступіць у дыялог, нават калі мы не ведаем, куды нас гэта прывядзе.

Што ў вашым жыцці можа патрабаваць уваходу ў дыялог?.. у сям'і? …у парафіяльнай супольнасці? У грамадстве? Як вы ставіцеся да гэтага працэса, не ўяўляючы выразна будучыні?

Ян нагадвае нам не толькі пра тое, хто Езус і адкуль Ён, але таксама і пра Ягоную сутнасць, Ягоную прыроду, якой ёсць безумоўная любоў. Зноў жа, Адвэнт скончыцца, і мы, гледзячы на Дзіцятка ў яслях, прыгадаем словы «З паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі». Божая любоў, Ягоная «ласка» з’яўляецца няспыннай і бясконцай; адно благаслаўленне адразу ж змяняецца іншым. Пісанне ўвесь час нагадвае нам пра тое, што ў самым сэрцы Божага запавету з намі ляжыць ласка, ці «непахісная любоў».

Ян падкрэслівае, што Бог жадае, каб мы заставаліся ў Ягонай няспыннай і безумоўнай любові.

Ці верыце вы ў гэта? Ці адчуваеце гэта? Ці ёсць гэта ў вашым жыцці? У вашай сям’і? Што перашкаджае вам паверыць у тое, што Бог безумоўна любіць вас назаўжды? Напрыканцы гэтых адвэнтавых рэкалекцый яшчэ раз паразважайце над тым, што вам дадзена і што вы і надалей будзеце атрымліваць «ласку замест ласкі», благаслаўленне за благаслаўленнем.

Езус увасабляе не толькі безумоўную і бясконцую любоў, але таксама і праўду. У Евангеллі паводле Яна «праўда» вельмі часта ўзгадваецца ў дачыненні да Езуса. Зноў і зноў мы чуем, як Езус падкрэслівае важнасць і абгрунтаванасць таго, што Ён абвяшчае, кажучы: «Сапраўды, сапраўды кажу вам» (пар. Ян 5, 24). Езус кажа свету праўду і выкрывае хлусню. Праз Свае словы і дзеянні Ён кідае выклік так званым «праўдам», за якія людзі чапляюцца і якія кіруюць іх жыццём.


Ён сам ёсць «дарога, праўда і жыццё» (пар. Ян 14, 6). Ён таксама кажа Пілату, што «прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (пар. Ян 18, 37).

Што, на вашу думку, Езус мае на ўвазе пад «праўдай»? Як Ён сам можа быць «праўдай»? Паразважайце над тымі часткамі свайго жыцця, якія могуць мець асаблівую патрэбу ў Праўдзе Езуса. Якую хлусню вы кажаце сабе пра сваё жыццё?.. пра сваю сям’ю і сяброў?.. пра Касцёл?.. пра свет?..

Danny Hahlbohm, inspired-art.com

Як вядома з жыцця Езуса, праўда з Ягоных вуснаў выклікала ў людзей гнеў, была нязручнай і, у рэшце рэшт, прывяла да Ягонай смерці. Што перашкаджае вам казаць праўду і выкрываць глыбока ўтоеную хлусню? Можа быць, гэта страх перад наступствамі? Што можа дапамагчы вам вырашыць гэтую праблему ў сваім жыцці?

Размова з Богам

Святы Ігнацый неаднаразова казаў, што мы павінны задумацца над сваім жыццём і распазнаць, аб якім благаслаўленні або аб якой ласцы нам патрэбна прасіць Езуса ў малітве. Распачынаючы перыяд Божага Нараджэння, у якой ласцы вы маеце асаблівую патрэбу? Аб якой ласцы вы просіце ў Езуса для сваёй сям’і… для сяброў… для свету… для тых, за каго ніхто не моліцца?..

Божае Нараджэнне і Новы год могуць быць цяжкім часам для многіх людзей. Магчыма, для вас… або для вашых блізкіх. На працягу некалькіх хвілін задумайцеся, што Божае Нараджэнне значыць для вас і для іншых людзей, якія прыходзяць вам на розум, у вашае сэрца. Дазвольце сабе ўсвядоміць той боль… смутак… адзіноту… адчай, якія прыцягваюць вашую ўвагу.

Услухайцеся ў словы, якія кажа вам Езус: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (пар. Мц 11, 2).

Вы атрымалі «ласку замест ласкі». Часам мы так змагаемся з тым, што адбываецца ў нашым жыцці, што не заўважаем нічога добрага. Часам мы занадта занятыя і заклапочаныя, каб заўважыць ласку і благаслаўленне, прысутныя у нашым жыцці. Звычайна, гэта даволі простыя рэчы, напрыклад, званок сябра, паштоўка з віншаваннямі або падзякай, добрая размова…

Узгадайце ўсё добрае, радаснае, станоўчае, што ёсць ў вашым жыцці. Узгадайце мінулы тыдзень: якія благаслаўленні вы атрымалі за гэты час? А за мінулы месяц?.. год?.. Падзякуйце Пану за іх. Магчыма, на Божае Нараджэнне вы возьмеце пастанову кожны вечар адводзіць некалькі хвілін, каб проста ўспомніць дзве-тры прыемныя рэчы, якія адбыліся за гэты дзень і падзякаваць Богу за іх. Вы атрымалі «ласку замест ласкі».

Danny Hahlbohm, inspired-art.com

«Бога ніхто ніколі не бачыў». Цуд Божага Нараджэння і Уцелаўлення ў тым, што мы больш ужо не можам так казаць; хутчэй, як Сімяон, які ўзяў Дзіцятка Езуса на рукі, мы можам сказаць: «Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё <…> святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля» (пар. Лк 2, 30, 32).

Успомніце тыя вобразы, сустрэчы, словы, якія вы перажылі з Богам падчас гэтага Адвэнту. Кім быў і кім ёсць Бог для Вас? Як Ён прамаўляў да вас? Што Ён кажа вам сёння, пасля заканчэння гэтага этапу вашага з Ім падарожжа? Што вы самі хацелі б сказаць Богу? Правядзіце пэўны час у ціхай малітве з тым, што да вас прыйдзе, што б гэта ні было.

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа