Пошук

21.12.2018 16:29   Пераклад і адаптацыя: Ганна Ліцкевіч / Catholic.by
Сіксцінская капэла Мікеланджэла. Фрагмент

Сённяшняе разважанне запрашае нас задумацца над тым, што мы створаны з любові і для любові. Ці верыце вы гэтаму?

Супакой

Калі вы знаходзіцеся побач з акном, то паглядзіце навокал. Калі не, то ўсё ж прыгадайце, як выглядае прырода ў гэтую пару года. Які сёння дзень? Што вы бачыце ці ўяўляеце? Некаторы час прабывайце з гэтым зімовым краявідам. Пры магчымасці, выйдзіце на вуліцу і знайдзіце аголенае дрэва або засохлую кветку — тое, што кажа аб надыходзе зімы. І няхай усё будзе такім, як яно ёсць.

Божае Слова

Ян 1, 14–15

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».

Разважанне

Калі Ян кажа пра «Слова» ў першым вершы Пралога да свайго Евангелля, ён робіць гэта дзеля таго, каб адкрыць нам Езуса, прысутнага ў самым пачатку стварэння: Ян паказвае Езуса ва ўсёй Ягонай сіле і бляску. Ян выкарыстоўвае «Слова», каб падкрэсліць, як немагчымае стала магчымым: сустваральнік уваходзіць у створанае (гл. Ян 1, 14).

Далёкі Бог становіцца нашым Эмануэлем — «Богам з намі». Навізна і радыкальнасць гэтай падзеі сталі прытупляецца з часам, ператварыліся ў вядомы і шмат разоў паўтораны факт.

Задумайцеся глыбей аб значэнні гэтай праўды веры для ўласнага жыцця — аб Уцелаўленні Бога ў маленькім Дзіцяці ў яслях.

Многія з тых, хто чакаў прыйсця Месіі, не змаглі прызнаць «Слова» з-за сваіх прадузятых ідэй адносна таго, у якой форме Ён мае прыйсці. Якія ідэі, могуць перашкаджаць вам у поўнай меры асэнсаваць, што Езус з’яўляецца Уцелаўлёным Богам?

Ці вы сапраўды верыце ва Уцелаўленне Бога, ці з часам веру замяніла звычка?

Уцелаўленне «Слова» ёсць уцелаўленнем ва ўсё стварэнне.

Папа Францішак нагадвае нам, што «Сусвет развіваецца ў Богу, які яго цалкам напаўняе. Таму існуе таямніца, якой трэба захапляцца ў лісці дрэваў, у сцежцы, у расе, у твары сустрэтага бедняка. Ідэалам з’яўляецца не толькі пераход са знешняга свету да ўнутранага, каб адкрыць дзеянне Бога ў душы, але і выйсце насустрач Яму ва ўсім» (Энцыкліка Laudato si', 233).

Ці адчуваеце вы ў словах Папы выклік вашаму традыцыйнаму разуменню Езуса, які прыходзіць у свет? Задумайцеся аб сваёй інтэрпрэтацыі Уцелаўлення, беручы пад увагу словы з Паслання да Каласянаў: «Ён з’яўляецца першародным сярод усялякага стварэння, <…> каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё» (пар. Клс 1, 15–20).

Чым вы можаце напоўніць сваё Адвэнтавае падарожжа, каб разам з усім стварэннем святкаваць Божае Нараджэнне, Аб’яўленне «Слова, якое сталася целам»?

Як ваш штодзённы лад жыцця (то бок, выбар харчовых прадуктаў, спосабу перамяшчэння, паўторнага выкарыстання і г.д.) адлюстроўвае веру ў праяўленне Бога ва ўсіх рэчах? Якія змены вы хацелі б унесці ў свой лад жыцця, каб яшчэ больш умацаваць гэтую веру?

Калі Ян кажа нам, што Слова «пасялілася між намі», больш дакладны пераклад гучыць як «паставіла свой намёт» сярод нас. Гэты тэрмін паходзіць з часоў вандравання габрэйскага народа праз пустыню ў кнізе Зыходу, калі скінія была пераносным жыллём Пана, які ішоў перад людзьмі, каб весці іх, а таксама месцам, дзе людзі маглі сустрэцца з Богам. Скінія ўяўляла сабой драўляную канструкцыю з намётам (шатром), расцягнутым над ёю (гл. Зых 40, 34-38).

Бог узяў на сябе ініцыятыву прыйсця ў свет. Ён мог выбраць для нараджэння любое месца, любы час і любую сітуацыю, але вырашыў нарадзіцца ў галечы на задворках грамадства і рэлігіі.

Вобраз намёта (у адрозненне ад замка ці заможнага дома) прадугледжвае, што існаванне Езуса — гэта Ягоны свядомы выбар быць уразлівым, неабароненым ад самых розных небяспек, з якімі Ён сутыкнецца.

«Бог „паставіў свой намёт“ <…> між намі» (пар. Ян 1, 14). Ці чулі вы такі пераклад раней? Ці падабаецца ён вам? Чаму так або чаму не? Паразважайце пра яго некаторы час, і няхай такая сімволіка адкрые новае разуменне Уцелаўлення Божага для вас.

Фота: pxhere.com

Прысвяціце некалькі хвілін на тое, каб успомніць аб тых выпадках, калі Езус быў уразлівым і безабаронным. Як вы думаеце, чаму Ён вырашыў так зрабіць?

У якіх сітуацыях у сённяшнім свеце Бог асаблівым чынам «ставіць свой намёт»? А які выбар робіце вы: вырашаеце сустрэцца з Ім у такіх сітуацыях ці закрываеце вочы, каб іх не бачыць?

Ян кажа нам, што Езус быў «поўны ласкі». Гэтая фраза часта асацыюецца з Марыяй, Ягонай маці. Але што гэта азначае? Гэта азначае, што Езус поўны безумоўнай любові і спагады да кожнага з нас.

У сваім «жыцці між намі» Езус бярэ на сябе ініцыятыву і прыходзіць з нябачанаю любоўю, перапоўнены бязмежнаю любоўю да ўсіх.

Дзе вы адчуваеце Яго безумоўную любоў і спагаду: у сям’і… з сябрамі… з суседзямі?

Якім чынам вы імкняцеся праяўляць безумоўную любоў у сваім штодзённым жыцці?

Размова з Богам

Бог стаў целам, каб нам было лягчэй з Ім сустрэцца. Ён вырашыў перажыць боль незразумення, знясіленасці, разбітага сэрца, горычы, прыніжэння, страху і здрады…

Ён вырашыў перажыць еднасць сяброўства, глыбіню самапазнання і пачуцця місіі, прыняцця на сябе служэння і любові, бяспеку сямейнага кола, радасць адносінаў…

Варта зараз падумаць аб тых момантах жыцця Езуса, сугучных з вашымі перажываннямі ў цяперашні перыяд жыцця. Якая сітуацыя непакоіць вас? У чым досвед Езуса падобны да вашага? Чым ён адрозніваецца? Пагаварыце з Ім аб сваёй канкрэтнай сітуацыі. Скажыце Яму, як вы сябе адчуваеце… чаго прагнеце… чаго вам не хапае…

Скажыце Яму ўсё. Ён будзе слухаць… Ён будзе ведаць… Ён зразумее.

Папа Францішак кажа нам, што праз нашыя целы «Бог так цесна злучыў нас з навакольным светам, што знішчэнне і атручванне зямлі з’яўляецца хваробай, якая закранае нас усіх, і мы можам смуткаваць над выміраннем нейкага віду як над нейкім знявечаннем» (Апостальская адгартацыя Evangelii Gaudium, 215; Энцыкліка Laudato si', 89).

Фота: pxhere.com

Знайдзіце спосаб занурыцца як мага паўней у Божае стварэнне, напрыклад, у форме шпацыру па лесе ці побач з возерам. Куды б вы ні вырушылі, можна ўбачыць і адзначыць, як Бог адкрывае Сябе ў створаным навакольным свеце. Можна зрабіць яшчэ прасцей: прыгледзецца да маленькай пакаёвай расліны дома (ці нават да яе выявы). Ці вы заўважалі, што кожны лісцік, кожная кветка, кожная сцяблінка, нават на адной расліне, адрозніваецца ад усіх астатніх. Кожны ўнікальны, і ў кожным Бог раскрываецца па-новаму, ніколі не паўтараецца.

Падзякуйце Езусу за цуд Ягонага выбару «паставіць свой намёт» сярод нас у кожнае імгненне нашага існавання.

Езус «поўны ласкі» (гл. Ян 1, 14).

Прабывайце ў прысутнасці глыбокай любові і спагады Езуса да вас. Вы адчуваеце Яго адносіны менавіта да вас?

Вы створаны з любові і для любові. Ці вы верыце гэтаму?

Ці адкрытыя для таго, каб быць умілаваным праз Бога? Ці бачыце і адчуваеце, як любоў Бога дакранаецца да вас?

Калі нешта замінае вам адчуваць такую любоў, варта падумаць, што гэта можа быць. Няхай усё, што абмяжоўвае вас унутры, далікатна і спакойна падымаецца на паверхню.

Цяпер паслухайце словы Бога да вас:

«Вы соль зямлі…» (пар. Мц 5, 13)
«Вы святло свету…» (пар. Мц 5, 14)
«І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго…» (пар. Быц 1, 27)
«Нават калі маці забудзе сваё дзіця, Я не забуду цябе…»
«Ці забудзе жанчына дзіця сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Нават калі яна забудзе, Я не забуду цябе» (пар. Іс 49, 15)

Дазвольце безумоўнай любові Бога глыбока прасякнуць у глыбіню сэрца. Адчуйце Ягонае спачуванне.

Фота Віталія Палінеўскага

Дзе ў вашым жыцці Бог выбірае сабе месца, каб «паставіць свой намёт»? Дзе вы можаце ўбачыць Яго прысутнасць: у сабе? у сваёй сям’і? сярод сяброў? у свеце? Куды кліча вас Бог гэтак жа «паставіць ваш намёт» — быць прытулкам і бяспекай для іншых… прытулкам, які таксама можа быць безабаронным і пакрыўджаным? Папрасіце Езуса, каб дапамог узрастаць у адкрытасці і смеласці, каб быць сведчаннем Ягонай прысутнасці для іншых.

Якія вобразы, пытанні, думкі або пачуцці засталіся пасля разважання над сённяшнімі вершамі Пралога да Евангелля святога Яна? Правядзіце з імі некаторы час у ціхай малітве.

***

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Абноўлена 21.12.2018 17:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа