Пошук

10.12.2018 14:53   Паводле: gcshelp.org
Фота:Life.ru

Верагодна, многія памятаюць вядомую мелодыю з застаўкі да тэлеперадачы «У свеце жывёлаў» (В мире животных) з Мікалаем Драздовым. І добра памятаюць, што называлася гэтая кампазіцыя «Жаўрук».

У арыгінале кампазіцыі — песня на евангельскі сюжэт пра падарожжа Юзафа і Марыі ў суседні Бэтлеем для ўдзелу ў перапісе насельніцтва. Падчас падарожжа Марыя нараджае Езуса.

Пачуўшы гэты твор у выкананні аргенцінскай спявачкі Мерседэс Соса, французскі шансанье Жыль Дро папрасіў паэта-песенніка П’ера Дэланоэ зрабіць адаптацыю.

Той выкарыстаў сугучча першых слоў арыгіналу A la huella (белар. «Услед») і французскага слова Alouette («Жаўрук»). Французская версія песні стала эстрадным шлягерам 1958 года, пасля чаго яе аранжыроўку зрабіў Поль Марыа, якая стала сусветна вядомым эстрадна-сімфанічным творам.

З чаго ўсё пачыналася

Аўтарам мелодыі з’яўляецца аргенцінскі кампазітар Арыель Рамірэс, які ў 1964 годзе напісаў кантату для хора «Нараджэнне Божае» на словы Фелікса Луна.

Кантата складаецца з 12 частак, а яе дзясятая частка называецца «Пілігрымка», і яна як самастойная песня да гэтага часу вельмі папулярная ў іспанамоўным свеце.

Арыель Рамірэс — адзін з самых вядомых аргенцінскіх кампазітараў ХХ стагоддзя, піяніст і дырыжор, які адышоў у вечнасць у 2010 годзе.

Найбольш вядомы музычны твор Рамірэса называецца Misa Criolla (Крэольская Імша), напісаная ў 1964 годзе. «Крэольская Імша» — гэта сапраўдная каталіцкая св. Імша, розныя часткі якой выкананыя ў розных жанрах лацінаамерыканскай лацінскай музыкі.

Прыблізны пераклад на беларускую мову арыгінальнага спеву:

Вось ідуць крок за крокам Юзаф, Марыя
Усё ідуць праз горы, сёлы і палі,
Па далінах, месцах, зарослых крапівой...
«Няма прытулку нідзе », — ціха шэпчуць вусны.

Невядомасць трывожыць: хутка ўжо нараджаць,
Не ў дарозе жа быць, трэба дома ляжаць.
Дзе народзішся, ясны, малы цвыркунок?
Усё мацней ва ўлонні трымціць кулачок.

Ішлі Юзаф з Марыяй дарогай айцоў
З Божым Сынам, схаваным ад усіх мудрацоў.
Усё ідуць крок за крокам і не закрыюць вачэй,
То месяц зменіць сонца, то сонца — месяц.
Прымуць нават руіны ў час Божага Нараджэння
Спасланне Духа і плод натуральнасці.

Ім багатых харомаў не патрэбен прыём –
Толькі Зорка над Месяцам і дыханне ўдваіх, -
Закуток непрыглядны з трасніковай сцяной...
А з Усходу валхвы прагнуць сустрэчы са Мной.

Ішлі Юзаф з Марыяй дарогай айцоў
З Божым Сынам, схаваным ад усіх мудрацоў.

І вядуць крок за крокам нас да Бога Юзаф з Марыяй.

Магчыма, не кожны таксама ведае, што стрыечны прапрадзед вядучага папулярнай перадачы «У свеце жывёлаў» Мікалая Драздова — мітрапаліт Філарэт (Драздоў), свяціцель Маскоўскі, кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквой у 1994 г.

Абноўлена 18.12.2018 14:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця