Пошук

16.12.2018 08:00   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Фота pxhere.com

Рыхтуючыся падчас Адвэнту адкрыць дзверы Хрысту, падумайце аб дзвюх-трох рэчах, якія добра было б зрабіць, каб пераадолець існуючыя бар’еры, што замінаюць сустракаць кожнага чалавека вачыма Езуса.

Супакой

Сёння, каб знайсці цішыню і супакой, мы будзем вучыцца паўтараць вельмі важнае слова. Спачатку звярніце ўвагу, у якім месцы вы знаходзіцеся цяпер… як сябе адчуваеце… што адбываецца з вамі… і аддайце гэта ўсё Богу…

Потым папрасіце ў Яго ласку, якой прагнеце ў малітве… Магчыма, пазнаць і прыняць Езуса як свайго Пана… як Месію… альбо звярніцеся да Яго з іншай патрэбай сэрца…

Потым засяродзьцеся на арамейскім слове Мараната, якое азначае «Прыйдзі, о, Пане», і паўтарайце яго ў рытме дыхання… Мараната… на працягу некалькіх хвілін… Калі штосьці будзе адцягваць вашую ўвагу, проста вярніцеся да слова.

Фота pxhere.com

Божае Слова

Ян 1, 10–13

У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.

Разважанне

Езус, Месія... памазанец ... дадзены, як абяцана, ад Абрагама і ўсіх яго нашчадкаў, чаканы з вялікаю нецярплівасцю вельмі доўгі час. І ўсё ж габрэйскі народ, з якім Бог усталяваў асаблівыя адносіны і заключыў Запавет, не пазнаў, калі Ён прыйшоў, і таму не прыняў Яго.

У якой меры гэты вобраз закранае вас? Чаму, на вашую думку, так многія памыліліся ў Езусе і не пазналі, што Ён — Той, каго яны чакалі? Кім для вас з’яўляецца Езус? Ці пазналі б вы Яго, калі б Ён зноў уцелавіўся ў сённяшнім свеце? Хто або што паўстае ў вашым уяўленні ў адказ на пытанне Езуса: «А вы кім лічыце Мяне?» (Лк 9,20).

Ва ўсім Евангеллі Ян ужывае слова «вера» ў якасці дзеяслова. Для многіх паняццю веры адпавядае дактрына, але для Яна Евангеліста вера — не шэраг дактрынальных і рэлігійных заканадаўчых актаў, прытрымлівацца якіх людзі абавязаныя; у Евангеллі паводле Яна верай акрэсліваюцца жывыя і дынамічныя адносіны з Езусам. Верыць у Езуса — значыць поўнасцю даверыцца Яму. Ці заўсёды вы разумееце і стараецеся праяўляць сваю веру ў Езуса як адносіны?

Такое стаўленне да веры нагадвае нам, што мы належым да пілігрымуючага Касцёла і з’яўляемся часткай пілігрымуючага народа, які змяняецца пад уплывам свету, у якім мы жывем.

З такой перспектывы, вера — як дзеяслоў, як няспыннае развіццё адносінаў — ці напаўняе вас жыццём? І наступнае пытанне: у чым яна з’яўляецца цяжкай, магчыма, нават выклікам для вас? У сваіх адносінах з Езусам ці давяраеце вы Яму настолькі, каб аддаць у Яго рукі сваё жыццё? Усяго сябе цалкам?.. Кожную патрэбу і памкненне? Што вам неабходна зрабіць, каб паглыбіць адносіны даверу паміж вамі і Езусам?

Фота pixabay.com

Езус быў адкінуты сваім народам — людзьмі, якія, як Ён лічыў, ведалі Яго найлепш, і з якімі Ён імкнуўся ўвайсці ў глыбокія і працяглыя адносіны. Паспрабуйце ўявіць, як адчуваў сябе Езус. Балюча пакрыўджаным? Пагарджаным? Непатрэбным?

Узгадайце час, калі вы або важная для вас справа былі адкінутыя... Выпадак, калі вас прымусілі адчуць, што вы пацярпелі няўдачу... што аказаліся не на вышыні... што ў вашых прапановах было мала карысці. Якія пачуцці ахоплівалі вас тады?

Ці разумееце, што часам і вы адкідалі іншага чалавека падобным чынам?

Гледзячы з перспектывы часу, як вам здаецца, ці можна было чамусьці навучыцца, пасталець ці атрымаць благаслаўленне, перажываючы падобныя сітуацыі?

Ян паказвае нам, што адказам Езуса на тое, што народ адвярнуўся ад Яго, былі адкрытасць і прыняцце. Езус і сёння кліча кожнага чалавека, нягледзячы на пагарду і кпіны, якія спазнае ад людзей… Ён адкрывае для іх магчымасць блізкіх адносінаў з Ім і з Айцом — адносінаў, якія ў роўнай ступені ўключаюць усіх, незалежна ад статуса, багацця або радаводу, што адлюстроўвае словы Езуса пра Апошні суд: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 31-46).

Фота www.verbum-christi.com

Вы — Божае дзіця, але што гэта значыць для вас? Ці аказвае істотны ўплыў на жыццё? Як вы трымаецеся прыкладу Езуса, сустракаючы на сваім шляху розных людзей? Ці аднолькава зычліва прымаеце ўсіх, без увагі да статусу, колеру скуры, паходжання, узросту і г.д.?

Рыхтуючыся падчас Адвэнту адкрыць дзверы Хрысту, які нароўні нараджаецца ў кожным чалавеку, падумайце аб дзвюх або трох рэчах, якія добра было б вам зрабіць, каб пераадолець існуючыя ў розуме і сэрцы бар’еры, якія перашкаджаюць вам бачыць і сустракаць кожнага вачыма Езуса.

Размова з Богам

Прысвяціце пэўны час разважанням аб Езусе — вандроўным прапаведніку... Сын Чалавечы, які не мае, дзе прыхіліць галаву... Заставайцеся з Ім, калі са сваімі бацькамі Ён уцякае ў Егіпет... Будзьце пры Ім у служэнні, якое цалкам прайшло ў дарозе, у перамяшчэннях з горада ў горад… Што вам прыходзіць на думку, калі вы суправаджаеце Яго ў вандраваннях? Ці Ён — той Бог, у якога вы хочаце верыць?

Што значыць, мець адносіны з такім Езусам? Чаго патрабуе ад вас вера ў такога Бога? Ці з палёгкай вы чуеце ад Яго: «Не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца»? (Мц 6, 25)

Фота christjesus.ru

Цяпер, калі вы ўбачылі і адчулі рэальнасць і наступствы адносінаў з Езусам Хрыстом, што вы хочаце сказаць Яму?

Паведамляючы аб непрызнанні Езуса «сваімі», Ян нагадвае чытачу, што адносіны з Езусам — гэта пяшчотная, поўная любові сустрэча без ніякага прымусу; гэта адносіны, якія адзначаюцца адкрытасцю і свабодай волі і выбару. Такім чынам, Езус не выключае тых, якія Яго не прынялі, з «улады стаць Божымі дзецьмі»; але яны зрабілі такі выбар, што ў выніку выключылі сябе самі.

Святы Ігнацый кажа нам, як трэба выбіраць у жыцці: «Наш адзіны выбар павінен быць такім; я хачу і я выбіраю тое, што найлепшым чынам вядзе да паглыблення жыцця Бога ўва мне».

Якія аспекты вашага жыцця патрабуюць распазнавання або прыняцця рашэння падчас гэтага Адвэнту? Стварыце ўнутры сябе прастору і запрасіце ўвайсці ў яе Божую мудрасць і кіраўніцтва, каб спадарожнічалі вам у працэсе распазнавання.

Адгукаючыся на безумоўную любоў Езуса да ўсіх людзей, папа Францішак сказаў, што «вы можаце, вы павінны старацца шукаць Бога ў кожным чалавечым жыцці. Хоць жыццё на зямлі поўніцца цернем і пустазеллем, заўсёды ёсць прастора, дзе можа вырасці добрае насенне. Вы павінны давяраць Богу».

Фота pixabay.com

Пра якога чалавека вы найперш падумалі, чытаючы гэтыя словы? Некаторы час няхай ён будзе ў вашым сэрцы. Глядзіце вышэй за церне і пустазелле і засяродзьцеся на прасторы, у якой добрае насенне можа (і ўжо пачало) расці.

Папрасіце дапамогі ў Езуса — заўважаць больш лёгка і ахвотна здаровы рост і прыгажосць у гэтым чалавеку, каб вы маглі святкаваць, што Уцелаўлёны Бог нанава нараджаецца ў ёй ці ў ім. Якія вобразы, пытанні, думкі, пачуцці засталіся ў вас пасля разважання? Некалькі хвілін цішыні прысвяціце менавіта ім.

***

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа