Пошук

09.12.2018 14:54   Пераклад і адаптацыя: Яўген Амасёнак / Catholic.by

Чаго вы чакаеце ў гэтым Адвэнце? Якія спадзяванні ўскладаеце? Адпусціце іх і даверце іх Богу настолькі поўна, як толькі можаце.

Часам больш складана паверыць у святло, чым заставацца ў цемры. Калі вы адчуваеце, што так адбываецца з вамі, аддайце сваё нежаданне ў рукі Езуса і папрасіце ў Яго ласку даверу.

Фота pixabay.com

Супакой

Калі ёсць магчымасць, знайдзіце месца, дзе на вас будзе свяціць сонца. Няхай яго цёплыя промні атуляць і сагрэюць вас.

Святы Ігнацый прапанаваў духоўную версію гэтага практыкавання. Перад тым, як пачаць малітву, нам трэба каля хвіліны пастаяць у цішыні, дазваляючы Богу зірнуць на нас — Богу, які стварыў нас і моцна любіць.

Таму прысвяціце зараз гэтую хвіліну Яму. Устаньце, калі можаце, ці застаньцеся сядзець, калі так для вас лепш. Прабывайце ў супакоі, і няхай Бог глядзіць на вас альбо прабывае з вамі такім чынам, як Ён жадае… Дазвольце Богу праліць святло на ваш унутраны свет... Богу, які бачыць усю нашу цемру і працягвае любіць нас...

Фота pixabay.com

Божае Слова

Ян 1, 4-9

У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян.

Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.

Разважанне

Евангелле паводле Яна распачынаецца з таго, што раскрывае перад намі значэнне місіі, даручанай Яну Хрысціцелю. Яна менавіта ў тым, каб сведчыць пра Езуса, які з’яўляецца Уцелаўлёным Святлом і Аб’яўленнем Божай любові.

Фота pixabay.com

Кожны з нас, як і Ян, быў пасланы Богам у свет з пэўнай місіяй. Якія пачуцці нараджаюцца ў вас, калі вы разважаеце над гэтым? Ці вашае пакліканне з’яўляецца сведчаннем? Папа Францішак нагадвае нам, што «евангелізатар ніколі не павінен выглядаць так, як быццам толькі што вярнуўся з пахавання» (EG, 10) Ці атрымліваеце вы асалоду з таго, што абвяшчаецца Добрая Навіна? Ці сапраўды вы верыце ў яе збаўчую моц? Як яна ўплывае на ваша жыццё? Што заахвочвае вас верыць у Добрую Навіну?

Ян Хрысціцель патрабаваў ад тых, хто прыходзіў хрысціцца да яго, цалкам прысвяціць сябе любові і справядлівасці. Прыняўшы хрост, Езус тым самым пацвердзіў каштоўнасць гэтых якасцяў, якія ў далейшым стануць неад’емнай часткай Ягонага служэння. Праз шмат стагоддзяў св. Ігнацый падкрэсліў цэнтральную ролю, якую адыгрываюць любоў і справядлівасць у нашай веры, кажучы: «Любоў выяўляецца больш у дзеяннях, чым у словах».

Ці праяўляюцца любоў і справядлівасць ў вашым паўсядзённым жыцці верай? Паразважайце над коштам, які заплаціў Ян за вернасць гэтым ідэалам.

Фота pixabay.com

Падумайце пра тых, каго закранаюць пераслед і ўціск па прычыне іх непарушнай адданасці справядлівасці і веры. Што азначае для вас быць салідарнымі з імі?

Евангеліст звяртае асаблівую ўвагу на тое, што Ян Хрысціцель не з’яўляўся Святлом, але толькі Яго сведкам. Знайдзіце час, каб паразважаць над тымі момантамі са свайго мінулага, калі вы станавіліся для каго-небудзь сапраўдным святлом. Можаце таксама ўсвядоміць, што іншы раз адварочваліся ад Святла і не дазволілі Яму дзейнічаць праз вас.

Ян ужывае грэцкае слова Zoë, што азначае «жыццё», калі піша: «У Ім было жыццё». Bios — яшчэ адно грэцкае слова, якім карыстаецца евангеліст. Яно адносіцца да біялагічнага жыцця і азначае натуральную працягласць чалавечага існавання да моманту смерці. Аднак, ужываючы паняцце Zoë, аўтар хоча паказаць, што жыццё, якое ёсць у Богу і ад Яго паходзіць, мае больш глыбокае значэнне.

А дакладней, што Zoë адносіцца да прынцыпу/сутнасці жыцця, з’яўляецца крыніцай жыцця, якое спрадвеку знаходзіцца ў «Слове». Гэта жыццё без смерці, жыццядайная моц, якая прарываецца скрозь цемру і смерць, жыццё, аб якім Езус пазней скажа, што Ён прыйшоў даць яго «ў дастатку» (Ян 10, 10).

Фота pxhere.comru

Паразважайце над гэтай жыватворнай сілай, бясцэнным дарам ад Бога, які знаходзіцца ў вас… у вашых сем'ях і сябрах… у кожным чалавеку, якога вы сустракаеце… ва ўсім стварэнні… у Сусвеце. Як вы адчуваеце сваю ўкаранёнасць у Боскім жыцці, якое ахінае вас кожны момант?

Тэма ўзаемадзеяння Святла і Цемры праходзіць праз усё Евангелле паводле Яна. Евангеліст ужывае метафарычны вобраз, каб апісаць сустрэчу чалавека з Езусам: спачатку Нікадэм прыходзіць да Хрыста ўпоцемку (Ян 3, 1-21), каб пазней сведчыць пра святло каля Яго магілы (Ян 19, 39-42); здрада Юды адбываецца ноччу (Ян 18, 1-5); самаранка прыходзіць да студні апоўдні (Ян 4, 1-42)… Езус кажа вам, што вы таксама з'яўляецеся святлом свету, якое няспынна ззяе іншым людзям.

Падумайце, якое непаўторнае святло Бог даў асабіста вам. Вы трымаеце яго ў таямніцы? Што перашкаджае вам зрабіць так, каб гэтае святло ўбачыў увесь свет? Што дапамагло б вам па-сапраўднаму ацаніць тое святло, якое ў вас ёсць? …святло, якое ёсць у іншых?

Фота pxhere.com.ru

Размова з Богам

Уявіце, што вы знаходзіцеся сам-насам з Езусам і Ён абяцае даць вам удзел ва ўнутраным Боскім жыцці. Захоўвайце цішыню і падумайце, што гэта магло б значыць. Што вы адчуваеце? Якія эмоцыі ў вас нараджаюцца, калі ўсведамляеце ўсю веліч Божых абяцанняў?

Падчас малітвы Езус прагне паказаць нам, што жыццё, у якое Ён запрашае, — гэта святло, якое свеціць у цемры (Ян 1,5). Спачуваючы нам, Бог прагне ўвайсці ў нашае жыццё і асвятліць яго найбольш цёмныя месцы. Прабывайце з Езусам у засярожанай малітве, каб Ён раскрыў перад вамі тыя месцы ў вас, у якія вы не хочаце ўпускаць промні Ягонага святла. Дазвольце найбольш утоеным і невыказаным пачуццям выйсці на паверхню — і вы адчуеце вялікую спагаду і моц безумоўнай Божай любові.

Паслухайце, што Езус кажа вам: «Любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, таму і даў табе Маё ўпадабанне» (Ер 31, 3). Дазвольце Богу атуліць вас Сваёй любоўю і прыняць вас такімі, якія вы ёсць на самой справе.

Ілюстрацыя з golos.io

Як Ян Хрысціцель, так і мы пакліканыя сведчыць аб Святле. Успомніце словы папы Францішка: «Нам патрэбны верагодныя сведкі. Калі мы не маем сведкаў, нам можа здавацца, што нашыя справы ідуць добра: асвоілі нейкую прафесію, зарабляем дастаткова, у нас ёсць праца, сям’я… Але, магчыма, мы не рухаемся наперад, мы як быццам „прыпаркаваныя“ і стаім на месцы»

Ці адказваеце вы на заклік сведчыць аб Божым святле альбо аддаеце перавагу магчымасці «прыпаркавацца» ў жыцці без усялякага руху ў бок невядомага?

Ці хочаце больш адкрыцца насустрач таму, што прапануе вам Бог? Папрасіце Яго напоўніць сэрца ахвотнай рашучасцю ісці за натхненнямі «Бога, які любіць сюрпрызы»… даверыцца Богу-таямніцы… каб пастаянна наноў адкрываць для сябе Уцелаўлёнага Бога.

Адвэнт — час, пазначаны надзеяй і чаканнем у цемры і побач з тым — верай у святло. Чаго вы чакаеце ў гэтым Адвэнце? Якія спадзяванні ўскладаеце на будучыню? Адпусціце іх і даверце іх Богу настолькі поўна, як толькі можаце. Часам больш складана паверыць у святло, чым заставацца ў цемры. Калі вы адчуваеце, што так адбываецца з вамі, аддайце сваё нежаданне ў рукі Езуса і папрасіце ў Яго ласку даверу.

Працягвайце ціхую малітву з тымі вобразамі, пытаннямі і пачуццямі, якія засталіся ў вас пасля сённяшняга разважання аб блізкасці Святла.

***

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Абноўлена 09.12.2018 19:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця