Пошук

02.12.2018 18:49   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Вітаем вас на адвэнтавых рэкалекцыях 2018 года, задуманых і створаных адмыслова для таго, каб даць магчымасць малітоўна засяродзіцца на бягучым стане вашых адносінаў з Богам, бліжнімі і навакольным светам.

Дапамогай у малітве ў гэтым годзе стануць разважанні над пралогам Евангелля паводле Яна, а менавіта над фрагментам, які чытаецца на ранішняй святой Імшы ў першы дзень святаў Божага Нараджэння. Сімвалам Евангелля паводле Яна з’яўляецца арол, вастравокая птушка, якая лятае вельмі высока.

Падчас сёлетніх рэкалекцый мы запрашаем вас скіраваць уважлівы духоўны позірк на «агульную карціну» свайго жыцця.

У пралогу Ян Евангеліст кажа нам: «Слова сталася Целам і пасялілася між намі». Яшчэ не так даўно католікі схілялі калені, вымаўляючы гэтую фразу. Яна змяшчае поўны выраз і пацверджанне хрысціянскага паслання, якое нясе свята Божага Нараджэння.

Спрадвечная Боскасць уваходзіць у час і жыве між намі. Бог робіць Сабе «месца пражывання», ставіць свой намёт сярод нас. Бог набліжаецца да нас праз прыйсце свайго Сына. Бог з намі на кожным этапе нашага жыцця, у радасныя хвіліны і балючыя. Прыйсце Месіі ў свет дае нам магчымасць убачыць бясконцую дабрыню Бога і Яго блізкасць да нас.

Пяць адвэнтавых разважанняў дапамогуць вам трываць у малітоўным чаканні Божага нараджэння, аднавіць уважлівасць і адчувальнасць да прысутнасці Хрыста ў вашым жыцці. Вельмі спадзяёмся, што вы знойдзеце час адгукнуцца на запрашэнне ўвайсці ў больш блізкія адносіны з Богам, прыняць Яго ўсім сэрцам і не баяцца стаць для ўсіх адлюстраваннем святла Яго любові.

Папа Францішак у сваёй апостальскай адгартацыі Gaudete et Еxsultate («Радуйцеся і весяліцеся») адзначае, што «малітоўнае чытанне Божага слова … дазваляе нам пастаянна слухаць Настаўніка, каб быў Ён лямпай для нашых ног і святлом на нашай сцежцы» (GE 156).

***

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Абноўлена 22.12.2018 00:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця