Пошук

12.10.2018 10:25   Паводле: Vatican News / Catholic.by

Сінод Біскупаў з’яўляецца пастаянным органам, зацверджаным 15 верасня 1965 года бл. Папам Паўлам VI у адказ на жаданне Айцоў Другога Ватыканскага Сабору падтрымліваць сапраўдны дух Сабору.

Слова «Сінод» (сход) паходзіць з грэцкай мовы, і яго першапачатковае значэнне — «сумесны шлях». Гэта адлюстроўвае саму сутнасць Сіноду як інструмента біскупскай калегіяльнасці, як казаў св. Ян Павел ІІ.

Сінод — гэта прастора сустрэчы біскупаў адзін з адным і са Святым Айцом, месца для абмену вопытам і інфармацыяй для сумеснага пошуку ўніверсальных пастырскіх рашэнняў.

Такім чынам, Сінод — асамблея прадстаўнікоў каталіцкага епіскапату, задача якіх у дапамозе Папу парадамі ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам.

Ужо ў перыяд падрыхтоўкі да Другога Ватыканскага Сабору саспела ідэя біскупскага органа, які дапамагаў бы Папу. У 1959 годзе нунцый Сільвіо Оддзі прапанаваў стварыць «дарадчы орган».

«З усіх бакоў чутны скаргі, — казаў ён, — на тое, што ў Касцёла, акрамя Кангрэгацый, няма пастаяннага дарадчага органа, свайго роду „малога сабору”, які ўключаў бы прадстаўнікоў усяго Касцёла, збіраючыся час ад часу (...), для абмеркавання самых вострых праблем і для таго, каб прапанаваць новыя накірункі ў касцёльнай „палітыцы”».

Арцыбіскуп Утрэхта кардынал Альфрынк у 1959 годзе пісаў:

«Магчыма, пастаянныя Рады вопытных біскупаў, абраных з усяго Касцёла, маглі б узяць на сябе заканадаўчую функцыю ў адзінстве са Святым Айцом і кардыналамі Курыі, а рымскія Кангрэгацыі захавалі б толькі дарадчыя і выканаўчыя паўнамоцтвы».

Аднак менавіта папа Павел VI надаў гэтым ідэям імпульс. У 1963 годзе ён неаднаразова звяртаўся ў сваіх выказваннях да ідэі супрацоўніцтва епіскапату з наступнікам святога Пятра і агульнай адказнасці за кіраванне Паўсюдным Касцёлам.

У верасні 1965 года, у канцы прамовы на адкрыццё апошняга этапу Другога Ватыканскага Сабору, бл. Павел VI упершыню згадаў Сінод Біскупаў, тлумачачы, што ён будзе збірацца «з прэлатаў, прызначаных у асноўным біскупскімі канферэнцыямі з нашага адабрэння».

Гэты Сінод будзе склікацца Папам «згодна з патрэбамі Касцёла» і калі Папа палічыць гэта неабходным.

«Такое супрацоўніцтва епіскапату будзе надзвычай карысным для Святога Пасаду і для ўсяго Касцёла, — казаў Павел VI, — і ў прыватнасці для штодзённай працы Рымскай курыі».

15 верасня 1965 года, у пачатку 128 усеагульнай кангрэгацыі Сабору, яго генеральны сакратар манс. Перыкл Фелічы аб’явіў пра выхад motu proprio «Apostolica solliciduto», якім афіцыйна зацвярджаўся Сінод Біскупаў.

Абноўлена 12.10.2018 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.