Пошук

30.03.2018 12:12   Catholic.by

Ёсць месца напачатку Евангелля паводле Марка, дзе евангеліст сабраў разам «тыповыя» рэчы, якія Езус будзе рабіць на працягу свайго служэння.

Ён вучыць у сінагогах. Аздараўляе хворых. Прымае натоўпы людзей. Змагаецца са злом. Спрачаецца з людзьмі, якія не так успрымаюць Бога. Але сярод усіх гэтых спраў адным ранкам Ён прысвячае час, каб пайсці ў ціхае месца, у пустыню, і памаліцца. Магчыма, гэты вобраз нагадвае нам нашу адасобленасць падчас сёлетняга Вялікага посту.

Цяпер, напрыканцы гэтага перыяду самотнай малітвы, варта азірнуцца. Знайдзі магчымасць прагледзець нататкі, якія ты, магчыма, вёў, ці нават перачытаць некаторыя ўрыўкі. Звярні ўвагу, што цяпер здаецца іншым, бо ты ўжо дасягнуў вызначанага пункту.

Можа, ты заўважыш тое, што ты прапусціў калісьці. Некаторыя рэчы, напэўна, аказаліся больш істотнымі, чым табе здавалася. Наступныя пытанні дапамогуць табе зрабіць прагляд:

  1. Якая першая рэч прыходзіць у галаву, калі я ўзгадваю гэтыя рэкалекцыі?
  2. Ці магу я прыгадаць моманты, калі я адчуваў сябе блізка да Бога? Моманты, якія па-сапраўднаму закранулі мяне?
  3. Якія ўрыўкі Святога Пісання сталіся выклікам для мяне?
  4. Што змянілася ў маіх адносінах з Богам з пачатку посту?
  5. Пра што я ні ў якім разе не хачу забыцца?
  6. Чаго мне найбольш не хапае, каб рухацца наперад? Аб чым я хачу папрасіць Бога?

Як мы зразумелі падчас велікапосных разважанняў, пустыня — гэта не толькі асаблівае месца, ненаселеныя землі Палесціны, здалёк ад гарадоў і вёсак, але таксама і вобраз тых месцаў, дзе мы можам сустрэць Бога сёння, аддаліўшыся ад мітуслівасці штодзённага жыцця.

Такая пустыня можа адарыць супакоем, а можа і кінуць выклік. Тым не менш, цяжка ўявіць сабе хрысціянскае жыццё без зыходу ў пустыню.

Магчыма, адно з уменняў, якое табе далі рэкалекцыі, — гэта ўменне перажываць такі зыход. З удзячнасцю Богу за атрыманыя дары папрасі Яго, каб Ён і далей быў з табой побач і сустракаў цябе, калі ты ў наступны раз адважышся здзейсніць падарожжа ў пустыню.

***

Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы». Праслухаць рэкалекцыі можна таксама на «Радыё Марыя» ў суботу і нядзелю ў 20.30.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця